Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На латыскіх чыноўнікаў завялі справу празь няякасны калючы дрот для агароджы на мяжы зь Беларусьсю


Плот паміж Беларусьсю і ЭЗ
Плот паміж Беларусьсю і ЭЗ

Латвія на мяжы зь Беларусьсю будуе 173-кілямэтровы плот. Яго плянуюць завяршыць да 2024 года.

У Латвіі супраць кіраўнікоў Дзяржаўнага агенцтва забесьпячэньня завялі крымінальную справу з прычыны пастаўкі няякаснага калючага дроту для агароджы на мяжы зь Беларусьсю, пра гэта паведамляе Delfi.

Абвінавачаньні прадʼяўленыя дырэктару Дзяржаўнага агенцтва забесьпячэньня (NVA) Рамоне Інусе, кіраўніку дэпартамэнту разьвіцьця інфраструктуры Оскару Дзіркалісу, кіраўніку адміністрацыйна-закупачнага аддзелу Райманду Дуцысу, начальніку аддзелу прававога забесьпячэньня закупак Юрыдычнага кіраўніцтва NVA Байбе Дзене і саўладальніку кампаніі.

Першае судовае паседжаньне адбудзецца 24 красавіка ў Рыскім гарадзкім судзе.

У сьнежні 2022 году пракуратура паведаміла, што ў пэрыяд з 20 кастрычніка па 6 сьнежня 2021 году прадпрымальнік у саўдзеле з чатырма службовымі асобамі паставіў агенцтву 25 тысяч мэтраў калючага дроту, прызначанага для будаўніцтва часовага плота на мяжы зь Беларусьсю. Пастаўлены ім калючы дрот не адпавядаў характарыстыкам, устаноўленым Дзяржагенцтвам забесьпячэньня. Абвінавачаныя, па вэрсіі пракуратуры, ашуканскім шляхам прысвоілі больш за 300 тысяч эўра.

Улетку і ўвосень 2021 году ў Польшчы і краінах Балтыі разгарэўся міграцыйны крызіс: улады гэтых краін лічаць, што ён быў арганізаваны рэжымам Лукашэнкі. Улады Беларусі за грошы дастаўлялі тысячы мігрантаў з краін Блізкага Ўсходу ў Менск, а далей пад выглядам бежанцаў прывозілі іх на мяжу з краінамі ЭЗ, прапаноўваючы яе перайсьці. Польшча, а таксама Літва і Латвія былі вымушаныя ўвесьці ў раёнах уздоўж мяжы надзвычайнае становішча.

Польшча пабудавала на мяжы зь Беларусьсю сьцяну вышынёй 5,5 мэтра і даўжынёй 186 кілямэтраў. Умацаваньне складаецца зь некалькіх ліній абароны і абсталяванае сучаснымі электроннымі прыладамі, у прыватнасьці датчыкамі руху і камэрамі дзённага і начнога бачаньня. Латвія на мяжы зь Беларусьсю будуе 173-кіляметровую агароджу. Яе плянуюць завяршыць да 2024 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG