Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карбалевіч: галоўным пытаньнем на перамовах у Маскве была ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі


Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць ядзерныя зарады. Такі комплекс Расея паставіла ў Беларусь. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць ядзерныя зарады. Такі комплекс Расея паставіла ў Беларусь. Ілюстрацыйнае фота

Упершыню за апошнія гады рознагалосьсі паміж Пуціным і Лукашэнкам выйшлі ў публічную прастору, сталі відаць палітызаванай публіцы.

Сьцісла:

  • Адна справа — пужаць Захад, найперш суседзяў, ядзернай зброяй, і зусім іншая справа — сапраўды разьмясьціць яе ў Беларусі.
  • У пытаньні ядзернай зброі Лукашэнка дэзавуяваў ня толькі Пуціна, але і ўласнае МЗС.
  • Бакі абмяркоўвалі, хто і як насамрэч будзе кантраляваць захаваньне і магчымае прымяненьне ядзернай зброі.
  • Для двух хаўрусьнікаў у неспрыяльнай міжнароднай сытуацыі варта выступаць з узгодненай пазыцыяй, з аднолькавай вэрсіяй.

Гэта была другая з пачатку году сустрэча Пуціна і Лукашэнкі. Фармальнай падставай для яе стала паседжаньне так званага Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы. Але гэты рытуал практычна ні на што не ўплывае.

Рэальнае значэньне маюць перамовы паміж лідэрамі, якія адбыліся 5 красавіка. Здавалася б, усё традыцыйна, паводле звычайнага раскладу. Пуцін гаварыў пра рост гандлёвага абароту паміж краінамі, Лукашэнка — пра пасьпяховую рэалізацыю саюзных праграм. Апошні нават заявіў, што «ўжо менш будзе праблемных пытаньняў».

Аднак, на мой погляд, цяперашнія перамовы выбіваліся з агульнага шэрагу. Яны былі даволі напружаныя. Бо ўпершыню за апошнія гады рознагалосьсі паміж Пуціным і Лукашэнкам выйшлі ў публічную прастору, сталі відаць палітызаванай публіцы. І галоўным было пытаньне пра ядзерную зброю.

Лукашэнка апошнім годам шмат разоў гаварыў пра магчымасьць зьяўленьня ў Беларусі ядзернай зброі. Але адна справа — пужаць Захад, найперш суседзяў, гэтым крокам, і зусім іншая справа — сапраўды разьмясьціць яе тут.

Ствараецца ўражаньне, што абвешчанае Пуціным рашэньне аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі не было загадзя ўзгодненае з Лукашэнкам і стала для яго ў пэўным сэнсе нечаканасьцю. Пра гэта сьведчыць той факт, што ён пяць дзён ніяк не камэнтаваў заяву расейскага прэзыдэнта, якая выклікала вялікі ажыятаж у краіне і ў сьвеце.

Падчас выступу з пасланьнем 31 сакавіка Лукашэнка згадаў тэму ядзернай зброі мімаходзь, скорагаворкай, амаль сарамліва, як нешта нязначнае. Ва ўсякім разе, ён не выглядаў трыюмфатарам, ня цешыўся, што нарэшце ажыцьцявілася ягоная мара. Можна меркаваць, што гэтае рашэньне Пуціна для яго хутчэй праблема, чым палітычны посьпех.

Цікава, што сабраная на заслухоўваньне «пасланьня» прыдворная публіка таксама не была задаволеная сьціплым камэнтаром Лукашэнкі. Два разы яму задавалі ўдакладняльныя пытаньні, нават абвастраючы іх. Ён, як здалося, адказваў неахвотна, нібы тэма яму непрыемная.

І вельмі паказальна, як Лукашэнка адказаў на пытаньне, чыя ж гэта будзе ядзерная зброя. Ён заявіў, што «гэта наша ядзерная зброя», «кіраваць усёй той зброяй, якая знаходзіцца на нашай тэрыторыі, будзем мы».

Хачу нагадаць, што Пуцін у сваёй заяве 25 сакавіка адзначыў, што Расея «мае намер не перадаць Беларусі ядзерную зброю, а разьмясьціць сваю зброю на яе тэрыторыі».

Менавіта так інтэрпрэтавала рашэньне прэзыдэнта РФ і МЗС Беларусі. У сваёй заяве ад 28 сакавіка беларускае замежнапалітычнае ведамства канстатавала, што «разьмяшчэньне ядзерных боезарадаў РФ на тэрыторыі краіны безь перадачы Менску кантролю за імі не супярэчыць міжнароднаму праву». Гэтую ж думку паўтарыў і прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў, выступаючы на паседжаньні Рады бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Такім чынам, Лукашэнка дэзавуяваў ня толькі Пуціна, але і ўласнае МЗС. Мяркую, такая супярэчнасьць не даспадобы Пуціну.

Цэлы год пасьля пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны экспэрты абмяркоўваюць пытаньне, ці цісьне Пуцін на Лукашэнку, каб той накіраваў сваё войска ва Ўкраіну. Так гэта ці не, можна здагадвацца. Аднак у публічнай прасторы ніякіх разыходжаньняў у гэтым пытаньні не гучала.

А вось цяпер рознагалосьсе ў прынцыповым пытаньні — ядзернай зброі — выйшла на паверхню. І тут два бакі праблемы. Па-першае, хто і як сапраўды будзе кантраляваць захаваньне і магчымае прымяненьне ядзернай зброі? І якая працэдура прыняцьця рашэньняў? Лукашэнка, відавочна, хацеў бы мець права «другой кнопкі» ці «другога ключа», то бок права вэта на пытаньне аб ужываньні ядзернай зброі. Пуцін жа наўрад ці хацеў бы раіцца з Лукашэнкам у крытычны момант. Максымум, ён гатовы праінфармаваць малодшага саюзьніка пра сваё рашэньне.

Па-другое, вонкавы бок праблемы. Для двух хаўрусьнікаў у неспрыяльнай міжнароднай сытуацыі варта выступаць з узгодненай пазыцыяй, з аднолькавай вэрсіяй. Цяпер яны ня могуць дазволіць сабе публічных спрэчак.

Мяркую, што 5 красавіка якраз гэтай тэме і была прысьвечана вечаровая дыскусія Лукашэнкі і Пуціна. Таму і спрачаліся да 2 гадзіны ночы. А на публіку будуць апавядаць пра гандаль і саюзныя праграмы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.

Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.

Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:

«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.

13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.

19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.

Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG