Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Н.Стужынская: “Беларуска ўсё больш маргіналізуецца”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – кандыдат гістарычных навук, стваральнік і старшыня грамадзкай арганізацыі “Беларуская жаночая ліга” Ніна Стужынская.


Цягам тыдня ў ранішнім эфіры – гутаркі з грамадзкай рэдактаркаю пра розныя грані сацыяльнага партрэту сучаснай беларускі. Гэтым разам размова аб праблеме статусу жанчыны.

Уліцёнак: “На каго раўняюцца беларускі ў сёньняшняй сувэрэннай Беларусі?”

Стужынская: “Больш перадавыя шукаюць узораў для сябе на Захадзе. У Эўропе. Там, дзе Беларусь была. З расейскай жа ўладай да нас прыйшоў “домострой” – жанчына страціла ранейшыя правы”.

Уліцёнак: “Лічыцца, што ў сёньняшніх умовах жанчынам дапушчальна быць беднымі, ня мець улады – у адрозьненьне ад мужчынаў. Што стаіць за такім назіраньнем?”

Стужынская: “Тое, што беднасьць у асноўным мае жаночы твар. А ўсё ідзе ад таго, што ў нашых умовах улада – гэта крыніца багацьця. Грамадзтва прызвычаілася да жаночай беднасьці. Жанчыны ў нас у асноўным – настаўніцы, дактары…”

Уліцёнак: “Раней у тым сьпісе былі й банкаўскія службоўцы. Аднак пасьля таго, як банкаўская сфэра таксама стала “кармушкавай”, жанчын адтуль хуценька папрасілі”.

Стужынская: “Вядома, тут дзіўнага мала. Іншае пытаньне, ці зьмірыцца з гэтым жанчына, якая ўсё ж такі асэнсавала новую несправядлівасьць, крыўду”.

Уліцёнак: “У якой ступені сучасная беларуска стала, так бы мовіць, “нацыяналісткай”?

Стужынская: “Гэта як паўтор, як паралель з пачаткам XX стагодзьдзя, калі нараджалася БНР. Зноў зьявілася патрэба, і грамадзтва паклікала беларускіх інтэлектуалак. Паглядзіце, колькі іх, хоць бы па апошняй кнізе журналіста Аляксандра Тамковіча, які дасьледуе гэты працэс”.

Уліцёнак: “Ці падзяляеце вы думку, што цяпер ствараецца такая сацыяльная герархія, пры якой жанчыны непазьбежна маргіналізуюцца?”

Стужынская: “Дэмакратыі з кожным годам у Беларусі становіцца ўсё менш. А сапраўдная гендэрная роўнасьць, роўнасьць паміж мужчынамі і жанчынамі магчымыя толькі пры дэмакратычных умовах.

Беларуская маргіналка, на мой погляд, – звычайная беларуская настаўніца ці лекарка. Чаму? Ёй адведзеная сацыяльная ніша, дзе мала плацяць і шмат патрабуюць. Дзе шмат кантралёраў і мала ўвагі. Да яе здароўя. Да яе турбот. Да яе сям’і і гэтак далей. Такім чынам, жаночая сацыяльная група апошнім часам сапраўды маргіналізуецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG