Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі легалізавалі бесьпілётнікі для фізычных асобаў. Што зь юрыдычнымі — пытаньне


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўная камісія па радыёчастотах выдала паласу радыёчастотаў 2400–2483,5 МГц для апаратаў магутнасьцю 10–100 мВт пад адказнасьць утворанай у сакавіку «Беларускай фэдэрацыі бесьпілётнай авіяцыі» і дазволіла выкарыстаньне частаты 5725-5825 МГц для апаратаў да 25 мВт.

На такіх частотах працуюць камэрцыйныя бесьпілётнікі (авіямадэлі, дроны, квадракоптэры). Раней легальнымі былі толькі авіямадэлі да 10 мВт, якія працуюць на першай з названых палосаў. А другая (выкарыстоўваецца ў шматлікіх бесьпілётніках як запасная) не выдавалася ў «цывільнае» выкарыстаньне.

Калі фізычная асоба ці індывідуальны прадпрымальнік (а таксама арганізацыя ў мэтах уласнага карыстаньня, але ня продажу) хоча ўвезьці ў краіну ці вывезьці з краіны бесьпілётнік, цяпер трэба быць чальцом БФБА і атрымаць заключэньне на ўвоз у Вайскова-прамысловым камітэце. Далучыцца да БФБА можна праз сайт фэдэрацыі, заплаціўшы ўступны ўнёсак у 1 базавую велічыню (адзін раз, 23 рублі на момант публікацыі) і сяброўскі ўнёсак у 1 базавую велічыню, які трэба сплачваць раз на год.

Парадак працы для юрыдычных асобаў, у тым ліку тых, якія хочуць прадаваць бесьпілётнікі, пакуль па-ранейшаму няпэўны.

Рашэньне камісіі фактычна легалізуе бесьпілётнікі

Намесьнік старшыні БФБА Глеб Бандарык кажа Свабодзе, што рашэньне камісіі па радыёчастотах было нечаканым, але яно фактычна легалізуе ў Беларусі бесьпілётнікі, хоць наперадзе яшчэ шмат заканадаўчай працы.

БФБА падкрэсьлівае, што не «манапалізуе» за сабой рынак бесьпілётнікаў, ня стане адмаўляць камусьці ў далучэньні, а выключаць зь сяброў фэдэрацыі будзе, як і іншыя грамадзкія аб’яднаньні, — хіба за сыстэматычныя парушэньні ці нясплату штогадовага ўнёску (статут БФБА абяцаюць неўзабаве апублікаваць на сайце фэдэрацыі).

Бандарык кажа, БФБА будзе змагацца, каб карыстальнікаў бесьпілётнікаў не зрабілі «крыніцай прыбытку пэўных асобаў».

Камэрцыйная дзейнасьць пакуль не рэгулюецца

Паводле Глеба Бандарыка, некаторыя буйныя вытворцы бесьпілётнікаў не працуюць у Беларусі якраз з прычыны недапрацовак у заканадаўстве. Але суразмоўца дадае: немагчыма прывесьці прыклад краіны, дзе законы аб бесьпілётніках цалкам упарадкаваныя.

Таксама пакуль няма рэгуляваньня камэрцыйнай дзейнасьці зь бесьпілётнікамі: магчыма, той, хто здымае на бесьпілётнік відэа ў камэрцыйных мэтах (напрыклад, вясельны фатограф), незаконна карыстаецца паветранай прасторай, хоць такое выкарыстаньне бесьпілётнікаў і не забароненае наўпрост. БФБА спадзяецца, што гэта ўсё зьменіцца пасьля прыняцьця новай рэдакцыі Паветранага кодэксу, якая цяпер распрацоўваецца і мае набыць сілу ў наступным годзе.

Любы паветраны апарат рэгулюецца Паветраным кодэксам

Пакуль любы паветраны апарат, нават маленькая цацка, рэгулюецца Паветраным кодэксам, а паводле азначэньня зь леташняга ўказу Аляксандра Лукашэнкі авіямадэльлю можа лічыцца нават папяровы самалёцік. У новым Паветраным кодэксе БФБА хоча вывесьці з-пад рэгуляваньня кодэксам паветраныя сыстэмы вагой да 25 кг. Як кажа Бандарык, Фэдэрацыя таксама плянуе дамовіцца, каб дазвол ВПК на шэраг мадэляў бесьпілётнікаў распаўсюджваўся на сяброў фэдэрацыі аўтаматычна.

Авіямадэлі (апараты «без чалавека на борце, кіраваньне палётам якіх магчымае толькі пры ўмове візуальнага кантакту») цяпер дазволена запускаць на вышыні, якая не перавышае 100 мэтраў ад узроўню зямлі, амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі, акрамя «беспалётных зонаў» (над вайсковымі часткамі, будоўляй БелАЭС, цэнтрам Менску, Астрашыцкім Гарадком і іншымі). Запускаць дроны над «беспалётнымі зонамі» можна з дазволу службы бясьпекі прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG