Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музычны сайт Experty.by прыпыніў працу


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Беларускі сайт Experty.by «ідзе ў замарозку», паведаміў на Facebook заснавальнік і кіраўнік праекту Дзьмітры Безкаравайны. Ён тлумачыць Свабодзе: сайт ня зьнікне, але ня будзе публікаваць рэгулярных рэцэнзіяў, абнаўляцца будзе хіба раз-пораз.

Рэгулярныя абнаўленьні спыняцца пасьля ўручэньня прэміі Experty.by за мінулы сэзон, якое мае прайсьці 11 красавіка ў менскім клюбе TNT.

Experty.by назвалі намінантаў на «Найлепшы альбом году» — ад «Старога Ольсы» да Макса Каржа

Experty.by цягам апошніх 10 гадоў публікаваў падборкі рэцэнзіяў на беларускія музычныя альбомы — рэцэнзіі зьмяшчалі меркаваньні прынамсі чатырох штатных музычных экспэртаў. Таксама штогод ладзілася прэмія Experty.by — гуртам выдаваліся прызы за найлепшыя альбомы году ў некалькіх намінацыях. Вынікі году падводзілі шматлікія беларускія музычныя журналісты, а таксама пяць музычных журналістаў з суседніх краінаў (штогод новых).

Дзьмітры Безкаравайны, архіўнае фота
Дзьмітры Безкаравайны, архіўнае фота

«Шмат прычынаў рознага кшталту, — тлумачыць Дзьмітры Безкараваны Свабодзе прычыны „замарозкі“. — У гэтым фармаце было зроблена шмат, але далей трэба альбо мяняць фармат, рабіць па-іншаму. А ідэі пакуль няма — магчыма, калі нешта будзе, то будуць не Experty.by. Або трэба спыняцца. У такім выглядзе рабіць сэзон-2018 я ня бачу магчымасьці і сэнсу.

Найперш праект рабіўся дзеля папулярызацыі беларускай музыкі, але гэта ня толькі рэцэнзіі на альбомы. Ужо пяць гадоў мы выводзім беларускіх музыкаў на замежныя шоўкейсы, цяпер робім адукацыйную праграму... Робіцца шмат розных рэчаў, але займацца ўсімі немагчыма, трэба выбіраць прыярытэты. Але я нікуды не зьяжджаю, і хлопцы, якія са мной працуюць, таксама працягваюць працаваць. Нічога вельмі нэгатыўнага ня бачу, проста ў цяперашнім выглядзе праект спыняе працу».

Што тады пачытаць беларусам пра беларускую музыку? Безкаравайны раіць сачыць за «Тузінам гітоў», «Першаком» ад 34mag, музычнымі навінамі «Эўрарадыё» і Onliner.by, афішай Tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG