Мінабароны: у Беларусі на вучэньнях — менш за ўзвод расейскіх дэсантнікаў

У Беларусі сапраўды знаходзіцца адно падразьдзяленьне спэцыяльнага прызначэньня паветрана-дэсантных войскаў Расеі колькасьцю да 30 чалавек. Гэта пацьвердзіў Свабодзе начальнік прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў.

З 25 верасьня па 8 кастрычніка 2017 году на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праходзіць сумеснае тактыка-спэцыяльнае вучэньне груп спэцыяльнага прызначэньня, у якім бяруць удзел прадстаўнікі паветрана-дэсантных войскаў Расейскай Фэдэрацыі і сіл спэцыяльных апэрацый Міністэрства абароны Беларусі.

«Прыбыла да 30 чалавек расейскіх вайскоўцаў. Калі казаць пра агульнавайсковыя падразьдзяленьні, гэта наагул менш за ўзвод. Беларускіх вайскоўцаў столькі ж — да 30 чалавек. У гэтым выпадку гаворка ідзе пра абсалютна іншыя вучэньні, вучэньні падразьдзяленьняў, яны ніякага дачыненьня ня маюць да прайшоўшых вучэньняў «Захад-2017».

Дзе канкрэтна знаходзіцца расейскае падразьдзяленьне, дзе праходзяць сумесныя вучэньні, палкоўнік Уладзімер Макараў не ўдакладніў, прамовіўшы агульную фразу: «На адным з палігонаў на тэрыторыі Беларусі».

«Апошні расейскі эшалён сышоў 28 верасьня»

​Камэнтуючы заяву начальніка Генэральнага штабу Ўкраіны Віктара Мужэнкі, што расейскія войскі засталіся на беларускай тэрыторыі пасьля вучэньняў «Захад-2017», прэсавы сакратар беларускага ваеннага ведамства ў чарговы раз запэўніў, што гэта не адпавядае рэчаіснасьці.

«Любыя тэхнічныя сыстэмы выведкі дазваляюць дакладна вызначыць, дзе і колькі войскаў знаходзіцца. Яшчэ раз паўтару: апошні эшалён з расейскай тэхнікай і вайскоўцамі 28 верасьня ў 20 гадзін 40 хвілін пакінуў тэрыторыю Беларусі», — сказаў Макараў Свабодзе.

Сурыкаў: застаўся хіба той, хто ажаніўся

Амбасадар Расеі ў Беларусі тым часам заявіў, што ў Беларусі не засталося расейскіх вайскоўцаў зь ліку тых, што бралі ўдзел у вучэньнях «Захад-2017»:

«Калі толькі выпадкова адзін тут ажаніўся, а так нікога не засталося», — перадае БелаПАН словы Сурыкава.

Таксама Сурыкаў заявіў, што ў час вучэньняў у Беларусь не выпраўлялі дадатковую танкавую дывізію, як пра тое паведамляла расейскае Мінабароны.

«Ніякая дывізія асобна не высоўвалася, толькі ў межах вучэньняў, — казаў Сурыкаў. — Калі ёсьць на сайце, гэта глупства. Напэўна, трэба сьцерці».