Дональд Трамп чакае сустрэчы з лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ыном. Пра гэта прэзыдэнт ЗША напісаў у Твітэры пасьля візыту паўночнакарэйскага лідэра ў Пэкін.
«Учора ўвечары атрымаў паведамленьне ад кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна аб тым, што яго сустрэча зь Кім Чэн Ыном прайшла вельмі добра і што Кім зь нецярпеньнем чакае сустрэчы са мной», — напісаў Трамп. Пры гэтым прэзыдэнт ЗША дадаў, што санкцыі ў дачыненьні да КНДР будуць захаваныя ў поўным аб’ёме.
Received message last night from XI JINPING of China that his meeting with KIM JONG UN went very well and that KIM looks forward to his meeting with me. In the meantime, and unfortunately, maximum sanctions and pressure must be maintained at all cost!
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) March 28, 2018
ВВС паведамляе, што сустрэча кіраўнікоў ЗША і КНДР заплянаваная на травень. А ў канцы красавіка Кім Чэн Ын сустрэнецца з прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі. Паездку ў Кітай называюць важным крокам Паўночнай Карэі ў працэсе падрыхтоўкі да гэтых дзьвюх сустрэч.
Кім Чэн Ын знаходзіўся ў Пэкіне з 25 па 28 сакавіка. Ён запэўніў старшыню КНР Сі Цзіньпіна, што КНДР гатова адмовіцца ад распрацовак ядзернай зброі, але толькі пры выкананьні Вашынгтонам і Сэўлам шэрагу ўмоваў.
Цяперашні візыт Кім Чэн Ына ў Пэкін — першая замежная паездка ў якасьці кіраўніка Паўночнай Карэі.