Ганна Барвенава: «Скарына патрабуе твораў, якія, так як і ён, наватарскія»

29 траўня ў Менску ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (пачатак у 18.30) адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Яе склалі аўтарскае эсэ Сяргея Абламейкі ў 25 частках «Нечаканы Скарына» і ягоныя інтэрвію зь вядомымі айчыннымі і замежнымі навукоўцамі, якія распавядаюць пра эпоху Скарыны і розныя аспэкты тагачаснага жыцьця. А сёньня сваімі чытацкімі ўражаньнямі ад «Нечаканага Скарыны» дзеліцца кандыдат мастацтвазнаўства Ганна Барвенава.

Ганна Барвенава

«500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня — дата, якую нам пашэнціла сьвяткаваць. Кніга Сяргея Абламейкі «Нечаканы Скарына» — яскравы падарунак на сьвята. Трэба падзякаваць Аляксандру Лукашуку і яго камандзе за выдатную ідэю выдаваць кнігі і папаўняць «Бібліятэку Свабоды». Кнігі сапраўды застаюцца ў вечнасьці, і да іх будзе зьвяртацца не адно пакаленьне чытачоў. Выдатна абраная і форма падачы матэрыялу — эсэ, запатрабаваная сучасным чытачом.

Першае, што бачыць чытач кнігі, — вокладка. У Эўропе даўно імправізуюць над адлюстраваньнем сваіх гістарычных герояў, з гумарам і густам паказваюць характэрныя рысы чалавека і эпохі. Вельмі прыемна, што аўтар кнігі Сяргей Абламейка і мастак Генадзь Мацур хацелі нешта новае сказаць пра Скарыну, у тым ліку праз вокладку. Наўпрост выкарыстаньне ідэі Эндзі Ўорхала і падача партрэта Францыска Скарыны шматразова ў розных яскравых люмінэсцэнтных колерах не іграе на ідэю кнігі. Жывучы больш за 20 год у Празе, можна было б навучыцца тонкасьці падачы любімага героя. Варта нагадаць шматлікія мастацкія творы пра Франца Кафку, Яна Гуса і г.д. «Рукатвора» і новага нечаканага мастацкага бачаньня Скарыны не атрымалася. На жаль, аўтары кнігі і выдаўцы замкнуліся ў сваім міні-асяродку, таму і вокладка кампілятыўная і празаічная.

Цяпер абарот вокладкі. Фатаздымак аўтара — ілюстрацыя да прац Зыгмунда Фройда. Аўтар кнігі — герой з высока паднятай галавой у абрамленьні калён і «німба». А як жа паказаныя суаўтары на фатаздымках, пададзеных перад артыкуламі? Некаторыя зь іх кантрастуюць з фота аўтара-складальніка. Большасьць творчых людзей і навукоўцаў ва ўсім сьвеце абыякавыя да адлюстраваньня сваёй зьнешнасьці, ім заўсёды няма часу. Таму аўтар-складальнік павінен быў больш парупіцца пра падачу ў кнізе разумнейшых навукоўцаў.

Зьмест кнігі ўмоўна можна падзяліць на некалькі частак. Усе дасьледчыкі матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры — Анастасія Скеп’ян, Эдвард Зайкоўскі, Вольга Дадзіёмава, Ірына Будзько, Вольга Шутава, Ганна Барвенава — харалам сьцьвярджаюць адзін важны тэзіс: у часы Францыска Скарыны на землях Беларусі буяла эўрапейская культура і мела свой уласны пазнавальны твар. У Вялікім Княстве Літоўскім стваралася і гучала музыка стылю Рэнэсанс, нашы продкі будавалі, аздаблялі і насычалі мэбляй і побытавымі рэчамі эпохі Рэнэсанс замкі і дамы, князі і заможныя гараджане насілі ўласны варыянт строяў эпохі Рэнэсанс, яны смакавалі багатыя стравы і выдатна ведалі экзатычныя прыправы, як «звыклы імбір» і маяран... Беларусы ў часы Скарыны стварылі сваю ўнікальную багатую рэнэсансную культуру, якая вызначалася сярод эўрапейскіх краін. Музыка мела ўнікальнае гучаньне, дзякуючы ў першую чаргу шматканфэсійнасьці жыхароў ВКЛ. Архітэктура, побыт, адзеньне, кухня былі рацыянальнымі, грунтаваліся на жыцьцёвым вопыце і ўласных перавагах, мова гучала свая простая (па-італьянску lingua rutena). На шматразова пастаўленыя аўтарам кнігі пытаньні пра мову выдатна адказала Вівіяна Назілья: «гэта спадчына старых навуковых дыскусій». І ёй сугучна Аляксандр Навумаў падсумоўвае: «спрэчка, каму належыць Скарына, сьмешная».

Старэйшае шаноўнае пакаленьне навукоўцаў — Георгі Галенчанка, Адам Мальдзіс, Мікола Нікалаеў, Аляксандар Навумаў — падводзіць вынікі зробленага імі за дзесяцігодзьдзі плённай, самаадданай навуковай працы, аптымістычна глядзіць у будучыню, прадбачыць новыя адкрыцьці і падказвае, у якіх архівах пошук прынясе плён. Найшаноўнейшая прафэсура добразычліва прапануе маладому пакаленьню тэмы дасьледаваньняў і намацаныя за жыцьцё шляхі пошукаў.

«Правакацыйную» частку кнігі напісаў Сяргей Абламейка. З замілаваньнем да Прагі, трапна падабранымі фактамі напісаныя «Чаму Скарына пачаў сваю дзейнасьць у Празе» і іншыя эсэ. Прадуманы і з густам пададзены ілюстрацыйны матэрыял. Сяргей Абламейка як журналіст падае гучныя назвы, тэзісы і гіпотэзы: ці ёсьць вусы ў Скарыны, ці няма, а раптам на гравюрах адлюстраваная сям’я, і інш. Аднак як навуковец (віншуем з абаронай кандыдацкай) аўтар павінен быў аддзяліць даказаныя факты ад недаказаных гіпотэз. Ня варта яшчэ больш заблытваць і без таго заблытанага «навучаньнем у Піцеры» чытача. Ня варта паўтараць і шырыць прымітыўныя тэзісы савецкіх часоў: беларус — не беларус, здрадзіў — ня здрадзіў, багаты — бедны, і працягваць: ручнік — не ручнік, відэлец — не відэлец...

Багатыя навуковыя набыткі, мастацкае жыцьцё сучаснай Беларусі ўжо дазваляюць паказаць «Нечаканага Скарыну». Францыск Скарына для свайго часу быў унікальнай асобай, вядомай на ўвесь адукаваны сьвет Рэнэсансу. Кніга Сяргея Абламейкі — толькі маленькая цаглінка, і, на жаль, накіраваная толькі на беларусаў. Мы самі сабе ўголас сьцьвярджаем — у часы Рэнэсансу мы былі самадастатковай часткай Эўропы. А асоба Скарыны патрабуе іншага годнага яго маштабу ўласкаўленьня. Але гэта праца на будучыню. Для гэтага трэба пазбавіцца комплексаў, стаць свабоднымі, валодаць сучаснымі ведамі, бачыць наперад, як і зрабіў Скарына 500 гадоў таму.

Скарына апярэджваў час, таму тытан Рэнэсансу ня можа быць увасоблены «чакана», як на вокладцы кнігі ці ў рэалістычнай скульптуры, пастаўленай на Праскім градзе. Такія помнікі Скарыну ніколі ня стануць творамі сусьветнага маштабу, ня будуць прыцягваць да асобы і яе спраў. Скарына патрабуе твораў, якія, так як і ён, наватарскія, вучаць свабодзе, ідуць паперадзе часу і імкнуцца ў будучыню».

«Нечаканы Скарына» Сяргея Абламейкі — чарговая кніга «Бібліятэкі Свабоды.

Кніга складаецца з культуралягічнага эсэ ў 25 частках і аўтарскіх інтэрвію зь беларускімі і замежнымі навукоўцамі пра новыя знаходкі ў скарыназнаўстве.

Прэзэнтацыя адбудзецца 29 траўня а 18.30 у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (вул. Максіма Багдановіча 7а) у Менску. Уваход вольны.

Замовіць кнігу можна ТУТ.