Беларускія памежнікі завэрбавалі грамадзяніна Ўкраіны. Пасьля году супрацы ён здаўся СБУ

Ілюстрацыйнае фота. Беларускія памежнікі

Завялі справу за здраду і «дапамогу Рэспубліцы Беларусь у правядзеньні падрыўной дзейнасьці супраць Украіны». Прозьвішча ўкраінца не называецца.

Грамадзянін Украіны на працягу году супрацоўнічаў з апэратыўнікам Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, якому мусіў перадаваць інфармацыю аб кантрабандзе з Украіны ў Беларусь бурштыну і зброі, а таксама аб парадку арганізацыі аховы ўкраінскай мяжы ў сумежных зь Беларусьсю раёнах Валынскай ды Роўненскай абласьцей.

Як адзначаецца ў матэрыялах крымінальнай справы, заведзенай супраць украінца паводле артыкулу аб дзяржаўнай здрадзе за «дапамогу Рэспубліцы Беларусь у правядзеньні падрыўной дзейнасьці супраць Украіны», сёлета ў ліпені ён добраахвотна зьвярнуўся ва ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны ў Ровенскай вобласьці з заявай аб «чыстасардэчным прызнаньні ў падрыхтоўцы да ажыцьцяўленьня супрацьпраўнай дзейнасьці».

У часе сьледзтва ўкраінец паведаміў, што быў завэрбаваны ў кастрычніку 2017 году падпалкоўнікам апэратыўна-вышуковага аддзелу Пінскага памежнага атраду Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі ў беларускім пункце пропуску «Невель» і тады ж атрымаў першае заданьне — сабраць інфармацыю пра асобаў, датычных да кантрабандных апэрацый на мяжы Украіны зь Беларусьсю, і пра сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў Зарычненскім раёне Ровенскай вобласьці. Найбольш, паводле яго, беларускі бок цікавіўся незаконнай здабычай бурштыну і яго кантрабандным перамяшчэньнем у Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы перанялі «ўкраінскія тэхналёгіі» нелегальнай здабычы бурштыну

Грамадзянін Украіны таксама паведаміў, што як мінімум тройчы сустракаўся са сваім беларускім куратарам. На гэтых сустрэчах яго прасілі знайсьці іншых кандыдатаў на вэрбаваньне, пры дапамозе якіх плянавалася арганізоўваць правакацыі хабару ў дачыненьні беларускіх памежнікаў, а таксама зьбіраць інфармацыю аб кантрабандным перамяшчэньні агнястрэльнай зброі з Украіны ў Беларусь.

У студзені 2018 году ўкраінец атрымаў новае заданьне — сабраць інфармацыю аб супрацоўніках апэратыўна-вышуковага аддзелу Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны і арганізацыі аховы ўкраінскай мяжы, уключаючы ўзбраеньне ўкраінскіх памежнікаў.

За гэтыя дзеяньні ўкраінцу пагражала да 15 гадоў пазбаўленьня волі, але, улічваючы, што ён добраахвотна заявіў органам СБУ «аб сваёй сувязі з прадстаўніком замежнай дзяржавы і аб задачах, якія перад ім ставіліся», суд вызваліў яго ад крымінальнай адказнасьці.