Верталёт у беларускай дзяржаўнай ліўрэі набыў «Слаўкалій», — Tut.by

Верталёт AgustaWestland AW139, ілюстрацыйнае фота. © Shutterstock

VIP-верталёт ня менш як за 12 млн эўра купіла кампанія расейскага мільярдэра Гуцэрыева, які раней хваліўся падарункам Лукашэнку.

Партал Tut.by са спасылкай на «інфармаваную крыніцу» паведаміў, што верталёт у афарбоўцы, уласьцівай авіяпарку Аляксандра Лукашэнкі, купіла кампанія «Слаўкалій», якая належыць расейскаму мільярдэру Міхаілу Гуцэрыеву. Раней чуткі пра гэта публікаваліся ў ананімных Telegram-каналах. Сам Гуцэрыеў адмовіўся ад камэнтароў.

Адзначаецца, што Гуцэрыеў мае верталётную пляцоўку на сваім лецішчы пад Менскам. Таксама верталётная пляцоўка ёсьць на горнаўзбагачальным камбінаце ў Любанскім раёне, які будуе «Слаўкалій» (будоўлю адкрывалі з удзелам Гуцэрыева і Лукашэнкі).

Кошт звычайнай цывільнай вэрсіі італьянскага верталёта AgustaWestland AW139 — 12 мільёнаў даляраў. VIP-вэрсіі могуць каштаваць у разы даражэй.

19 лютага гэты верталёт бачылі ў небе над Астрашыцкім гарадком, дзе месьціцца рэзыдэнцыя Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта купляе «Майбах» за 160 тысяч даляраў

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў 2 сакавіка накіраваў афіцыйны запыт у Міністэрства фінансаў з просьбай даць інфармацыю, колькі каштуе і зь якіх сродкаў была прафінансаваная закупка новага VIP-верталёта. Адказу пакуль не было.

Гуцэрыеў раней хваліўся невялікім падарункам Лукашэнку: зладзіў для яго канцэрт на «стары Новы год» з удзелам расейскіх сьпевакоў Рыгора Лепса, Мікалая Баскава і Наташы Каралёвай. На пытаньне, ці ня ён падарыў Лукашэнку на дзень народзінаў аўтамабіль «Майбах», Гуцэрыеў сказаў, што ніколі не дарыў Лукашэнку аўтамабіляў і наагул яму «нічога не дарыў па-за межамі пратаколу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васьмёрка расейскіх алігархаў з «крамлёўскага дакладу» ЗША, якія маюць інтарэсы ў Беларусі