Дзяржсакратар ЗША: Мы гатовыя размаўляць з Іранам без папярэдніх умоў

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо

Злучаныя Штаты гатовыя да перамоваў з Іранам без папярэдніх умоў, — заявіў дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо. Ён, аднак, дадаў, што Іран павінен «паказаць, што хоча паводзіць сябе як нармальная краіна».

Пампэо ў нядзелю сустрэўся ў Швайцарыі зь міністрам замежных спраў гэтай краіны Ігнацыё Касісам. Сытуацыя вакол Ірану была адной з галоўных тэм сустрэчы. Швайцарыя прадстаўляе інтарэсы ЗША ў Іране, бо паміж краінамі няма дыпляматычных адносін.

Словы Пампэо былі рэакцыяй на выказваньне іранскага прэзыдэнта Хасана Рухані, які напярэдадні выступіў за перамовы з Вашынгтонам, калі Злучаныя Штаты «праявяць павагу» да Ірану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран адмовіўся ад часткі абавязаньняў ядзернай угоды

Пры гэтым дзяржсакратар адзначыў, што ЗША будуць працягваць аказваць ціск на Іран, каб абмежаваць яго «шкодную дзейнасьць» на Блізкім Усходзе.

Летась Злучаныя Штаты назвалі 12 пунктаў, па якіх чакаюць ад Ірана зьмены палітыкі. Гаворка ідзе, у прыватнасьці, аб спыненьні падтрымкі арганізацый, якія Вашынгтон лічыць тэрарыстычнымі, і пра згортваньне ракетнай праграмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне Пуцін падараваў!» Былую прэзыдэнтку Аргентыны абвінавачваюць у крадзяжы

Адміністрацыя Дональда Трампа выйшла з так званай ядзернай угоды з Іранам і аднавіла дзеяньне санкцый супраць гэтай краіны, у тым ліку забарону на экспарт нафты — нягледзячы на пярэчаньні краін Эўразьвязу і Расеі.

У апошнія тыдні сытуацыя яшчэ больш абвастрылася. ЗША заявілі аб адпраўцы дадатковых вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі на Блізкі Ўсход праз пагрозы з боку Ірану.