У Крамлі лічаць сувэрэнным правам Беларусі запрашаць Болтана

Джон Болтан

Крэмль лічыць сувэрэнным правам Беларусі запрашаць дарадцу прэзыдэнта ЗША па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джона Болтана, але казаць аб шчыльным супрацоўніцтве Вашынгтона і Менска не даводзіцца, паведаміў журналістам прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.

«Па-першае, гэта сувэрэнная справа Беларусі. Па-другое, казаць аб цесным узаемадзеяньні Беларусі і ЗША, нам здаецца, у сапраўдны момант не даводзіцца, гаворка не ідзе пра поўнафарматныя афіцыйныя кантакты. Уласна, гэта візыт на працоўным узроўні», — цытуюць Пяскова РИА-Новости.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля візыту Болтана ў Менск расейска-беларускія адносіны могуць абвастрыцца, — палітоляг

Дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнае бясьпекі Джон Болтан наведае Беларусь і сутрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэтую інфармацыю агенцтву Reuters пацьвердзілі ў адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі.