МУС: За кратамі ў Беларусі застаюцца 44 удзельнікі пратэстаў

Ілюстрацыйнае фота. Сваякі затрыманых прыйшлі да ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна шукаць іх. 12 жніўня 2020

Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 44 арыштаваных за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, паведаміла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.

Іх сьпісы ёсьць на інфармацыйных стэндах або ля ўваходу ў месцы зьняволеньня.

У тым ліку ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкаму знаходзяцца 6 чалавек, зь якімі праводзяць сьледчыя дзеяньні, удакладніла Вольга Чамаданава, і дадала, што інфармацыю пра іх разьмясьцілі пры ўваходзе ў ізалятар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за паўсотні чалавек іх сваякі ня могуць адшукаць дагэтуль 

За апошнія суткі з ізалятараў вызвалена 55 чалавек. ​2,5 гадзіны таму Tut.by паведамляў, што, паводле зьвестак парталу, за кратамі застаюцца 67 затрыманых на акцыях пратэсту, яшчэ 58 дагэтуль ня могуць знайсьці. Першапачаткова сваякі заявілі пра больш як 150 зьніклых.