Апошнія дэбаты Трампа і Байдэна пройдуць паводле новых правілаў

Джо Байдэн і Дональд Трамп

Другія і апошнія дэбаты перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў ЗША пройдуць паводле новых правілаў, прынятых на тое, каб ня даць кандыдатам перапыняць адзін аднаго.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт Дональд Трамп выказаў незадаволенасьць з прычыны зьменаў, унесеных у сцэнар дэбатаў, але сказаў, што возьме ўдзел у мерапрыемстве, якое адбудзецца ў чацьвер у Нэшвіле, штат Тэнэсі.

«Я буду ўдзельнічаць, але гэта вельмі несумленна, што яны зьмянілі тэмы, і вельмі несумленна, што ў нас зноў абсалютна перадузяты вядучы», — сказаў Трамп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першыя перадвыбарчыя дэбаты Трампа і Байдэна пераўтварыліся ў сварку

Дэбаты будзе мадэраваць карэспандэнт NBC у Белым доме Крыстэн Вэлкер, якая зьбіраецца распытаць Трампа і яго суперніка-дэмакрата Джо Байдэна аб барацьбе з COVID-19, амэрыканскіх сем’ях, расавым пытаньні, зьменах клімату, нацыянальнай бясьпецы і ролі лідэраў.

У панядзелак перадвыбарчы штаб Трампа заявіў, што падчас дэбатаў больш увагі павінна аддавацца міжнародным праблемам.

Штаб Байдэна заявіў, што Трамп спрабуе пазьбегчы абмеркаваньня таго, як яго адміністрацыя справілася з пандэміяй, і што абодва бакі пагадзіліся дазволіць мадэратарам выбіраць тэмы для дэбатаў.

«Як звычайна, прэзыдэнта больш хвалююць правілы дэбатаў, чым дапамога краіне, якая перажывае крызіс», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Байдэна Ці Джэй Дакло.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп адмовіўся ад віртуальных дэбатаў з Байдэнам

Дэбаты будуць складацца з 15-хвілінных сэгмэнтаў рознай тэматыкі: па дзьве хвіліны будзе адведзена кожнаму з кандыдатаў, пасьля чаго адбудзецца адкрытае абмеркаваньне.

Пасьля мінулых дэбатаў, на якіх удзельнікі неаднаразова перапынялі адзін аднаго, Камісія па прэзыдэнцкіх дэбатах паабяцала правесьці зьмены і ў панядзелак абвясьціла, што на працягу дзьвюххвіліннага эксклюзіўнага пэрыяду мікрафон будзе ўключаны толькі ў аднаго кандыдата.

«Абодва перадвыбарныя штабы на гэтым тыдні пацьвердзілі сваю згоду з правілам дзьвюх хвілінаў безь перапынкаў», — гаворыцца ў заяве камісіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп і Байдэн сустрэліся з выбарнікамі замест дэбатаў

Паводле камісіі, нават калі новыя правілы не задавальняюць цалкам ніводнага з кандыдатаў, гэтыя дзеяньні «ўсталёўваюць правільны балянс і адпавядаюць інтарэсам амэрыканскага народу».

Першыя дэбаты Трампа і Байдэна прайшлі ў канцы верасьня, а на пачатку гэтага месяца меліся прайсьці яшчэ адны. Але ў Трампа дыягнаставалі каранавірус, а калі камісія вырашыла перавесьці мерапрыемства ў дыстанцыйны фармат, прэзыдэнт адмовіўся ўдзельнічаць.