ЗША ўвялі санкцыі супраць 43 прадстаўнікоў беларускіх уладаў

Злучаныя Штаты ўвялі візавыя абмежаваньні супраць 43 беларускіх чыноўнікаў, «адказных за падрыў» дэмакратыі ў краіне.

Сярод тых, хто трапіў пад санкцыі:

  • высокапастаўленыя чыноўнікі сэктара правасудзьдзя;
  • кіраўнікі праваахоўных органаў і шараговыя супрацоўнікі, якія затрымлівалі мірных грамадзян і абражалі іх;
  • судзьдзі і пракуроры, якія ўдзельнічалі ў вынясеньні турэмных прысудаў мірным дэманстрантам і журналістам;
  • кіраўнікі адукацыйных устаноў, якія пагражалі студэнтам за ўдзел у мірных акцыях.

Злучаныя Штаты занепакоеныя працягам жорсткага задушэньня рэжымам Лукашэнкі мірных дэманстрантаў, дэмакратычных актывістаў і журналістаў.

Асаблівую трывогу выклікаюць ператрусы 16 лютага ў праваабарончай арганізацыі «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў і незалежных прафсаюзах, а таксама вынясеньне прысуду 18 лютага журналістам Кацярыне Андрэевай і Дарʼі Чульцовай, — гаворыцца ў заяве дзяржаўнага сакратара Энтані Блінкена.

Злучаныя Штаты таксама заявілі пра падтрымку міжнароднага расьсьледаваньня парушэньняў на выбарах у Беларусі, парушэньняў правоў чалавека, зьвязаных з выбарамі, і рэпрэсій, што пачаліся пасьля іх.

«Мы салідарныя з храбрым народ Беларусі і падтрымліваем яго права на свабодныя і справядлівыя выбары», — гаворыцца ў заяве.

Гэта ўжо трэці пакет санкцый Злучаных Штатаў супраць беларускіх уладаў пасьля фальсыфікацыі выбараў 9 жніўня. Раней у санкцыйныя сьпісы ўнесьлі 66 чалавек. 16 былі ў сьпісе з 2006 году.

ЗША пашыралі санкцыі 2 кастрычніка і 23 сьнежня 2020 году.

18 лютага пашырыла санкцыі і Вялікая Брытанія

Санкцыйны сьпіс Вялікай Брытаніі ў адносінах да беларускіх уладаў папоўнілі 27 чалавек, у тым ліку судзьдзі, праваахоўнікі, дзяржаўныя чыноўнікі і прапагандысты.

У абноўлены сьпіс трапілі, сярод іншых, Іван Эйсмант, старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь; Уладзімер Каранік, былы міністар здароўя; генэральны пракурор Андрэй Швед; Натальля Качанава, старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі; Ігар Луцкі, міністар інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кангрэс ЗША ўнесьлі рэзалюцыю, у якой урад Беларусі называюць нелегітымным
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неабходны канкрэтныя дзеяньні замест крайняй заклапочанасьці», — рэакцыі на прысуд журналісткам «Белсату»