На кіраўніцу дабрачыннай арганізацыі зь Пінску завялі справу за «фінансаваньне незаконных масавых мерапрыемстваў»

Будынак суду ў Пінску, ілюстрацыйнае фота

Супраць жыхаркі Пінску распачалі справу паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (матэрыяльнае забесьпячэньне дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Летась на яе ўжо завялі іншую крымінальную справу, пасьля чаго яна зьехала з краіны.

Справа прынятая ў работу Пінскім міжраённым аддзелам Сьледчага камітэту, гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

«Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, заснавальніца і кіраўніца дабрачыннай установы выдаткоўвала фінансавае і іншае матэрыяльнае забесьпячэньне для ўдзельнікаў незаконных масавых мерапрыемстваў, якія мелі месца ў Пінску ў жніўні мінулага году», — адзначаецца ў афіцыйным тлумачэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пінску ліквідуюць дабрачынную арганізацыю, заснавальніца якой зьбегла ад перасьледу ў Польшчу

Пінская грамадзкая актывістка, юрыстка, кіраўніца дабрачыннай арганізацыі «Палеская дабрыня» Алена Шымоліна празь перасьлед уладаў была вымушаная зьехаць зь Беларусі ў Польшчу.

Летась у сьнежні супраць яе пачалі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу па фактах выкарыстаньня грашовых сродкаў, атрыманых на дабрачынныя патрэбы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне быў заплечнік, 200 даляраў і доказы пра гвалт над 65 людзьмі». Гісторыя пінскай актывісткі

Цяпер крымінальныя справы злучаныя ў адну. Канчатковая ацэнка будзе дадзеная па выніках расьсьледаваньня, адзначылі ў Сьледчым камітэце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дачку фігурантаў «пінскай справы» зьмясьцілі ў дзіцячы прытулак. Яе маці напісала ў судзе: «Я павешуся»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як бы я глядзеў у вочы сваім дзецям?» Што сказалі фігуранты «пінскай справы» ў апошнім слове