Прэзыдэнт Украіны Зяленскі наведаў Харкаўскую вобласьць

Уладзімір Зяленскі падчас наведаньня Харкаўшчыны, 29 траўня 2022

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў нядзелю пабываў з рабочай паездкай у Харкаўскай вобласьці, упершыню выехаўшы за межы кіеўскага рэгіёну ад пачатку расейскага шырокамаштабнага ўварваньня 24 лютага

Паводле інфармацыі офісу Зяленскага, падчас паездкі прэзыдэнт наведаў перадавыя пазыцыі ўкраінскай арміі, уручыў дзяржаўныя ўзнагароды, а таксама правёў нараду зь мясцовымі чыноўнікамі, у тым ліку мэрам Харкава Ігарам Церахавым, начальнікам рэгіянальнай вайсковай адміністрацыі Алегам Сінягубавым, чальцамі вайсковага камандаваньня і кіраўніцтвам праваахоўных органаў.

«Вы рызыкуеце сваімі жыцьцямі дзеля ўсіх нас і дзеля краіны», — заявіў Уладзімір Зяленскі, зьвяртаючыся да вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі расказаў пра тое, якой бачыць перамогу Ўкраіны, і пра «плян мінімум»

Візыт украінскага лідэра адбыўся ў момант, калі Дзяржслужба Ўкраіны па надзвычайных сытуацыях паведаміла аб выкліканых расейскімі абстрэламі пажарах вакол Харкава, другога паводле велічыні гораду краіны. Расея працягнула бамбаваньне Харкава пасьля таго, як украінскім войскам некалькі тыдняў таму ўдалося адкінуць расейскія войскі з пазыцыяў ля гораду.

Паводле Алега Сінягубава, украінская армія дамаглася пэўнага посьпеху ў контратацы. На гэты момант 31% тэрыторыі вобласьці акупавана расейскімі войскамі, 5% было нядаўна вызвалена. «Мы пакуль ня можам цалкам праінспэктаваць некаторыя з вызваленых населеных пунктаў, паколькі абстрэлы працягваюцца, або ажыцьцявіць поўнае разьмінаваньне і пачаць аднаўляць інфраструктуру», — сказаў кіраўнік рэгіянальнай адміністрацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абстрэлы Севераданецку, Мікалаева, памежжа Сумшчыны. 95-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Ён дадаў, што ў Харкаве расейскія войскі пашкодзілі больш за 2200 шматпавярховікаў, зь якіх 225 цалкам разбураныя. Найбольшая шкода нанесеная паўночным і ўсходнім мікрараёнам.

Уладзімір Зяленскі прапанаваў вывучыць мэтазгоднасьць аднаўленьня пашкоджаных панэльных дамоў, сказана ў паведамленьні ягонага офісу.

«Калі ўжо так адбылося і ў нас вайна, то ці ня варта разгледзець магчымасьць прыбраць па ўсёй краіне панэльныя дамы, асабліва на разбураных тэрыторыях», — адзначыў Зяленскі. Ён таксама сказаў, што гэта яшчэ і магчымасьць мадэрнізаваць краіну і гарады, пабудаваўшы сучаснае жытло.