Справу траіх «рэйкавых партызанаў» накіравалі ў Гомельскі абласны суд. Ім пагражае сьмяротнае пакараньне

Сьветлагорскія «партызаны» Дзьмітры Равіч, Дзяніс Дзікун і Алег Малчанаў

Трох «рэйкавых партызанаў» са Сьветлагорску абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, адзін зь якіх прадугледжвае сьмяротную кару.

Пракуратура Гомельскай вобласьці накіравала ў Гомельскі абласны суд крымінальную справу трох «рэйкавых партызанаў» са Сьветлагорску, вынікае з апублікаванага 7 ліпеня паведамленьня Генэральнай пракуратуры.

Паводле ведамства, абвінавачаным 29, 33 і 51 год. Праваабарончы цэнтар «Вясна» раней адзначаў, што гаворка ідзе пра «сьветлагорскіх партызанаў» Дзьмітрыя Равіча, Дзяніса Дзікуна і Алега Малчанава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 11 «рэйкавых партызан» прызнаныя палітвязьнямі

Паводле Генпракуратуры, мужчыны нібыта ўваходзяць у фармаваньне ByPol і мабілізацыйны плян «Перамога».

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаныя, атрымаўшы заданьне, 28 лютага 2022 году, каля 23:00, прыбылі да чыгуначнага пераезду ў Светлагорскім раёне і зьнішчылі абсталяваньне, якое гарантуе бясьпеку руху і эксплуатацыю.

«Акрамя таго, пасьля падпалу рэлейнай шафы абвінавачаныя паведамілі аб зробленым прадстаўнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў, якія распаўсюдзілі яе ў інтэрнэце. Тым самым яны зрабілі злачынствы супраць дзяржавы, грамадзкай бясьпекі і бясьпекі руху і эксплюатацыі транспарту, аказалі дапамогу замежнай арганізацыі ByPol і яе прадстаўнікам у стварэньні крыніц пагроз нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны хацелі хаця б неяк дапамагчы Украіне». Брат «рэйкавага партызана» расказаў падрабязнасьці справы

Адзначаецца, што Беларускай чыгунцы была нанесеная шкода ў памеры больш як 54 тысячы рублёў. У час папярэдняга расьсьледаваньня мужчыны часткова кампэнсавалі ўрон (7,5 тыс. руб.).

«Рэйкавым партызанам» выставілі абвінавачаньні паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні);
  • ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму, зьдзейсьнены групай і які пацягнуў за сабой цяжкія наступствы);
  • чч. 2, 4 арт. 309 (наўмыснае псаваньне шляхоў зносін, якое прывяло да цяжкіх наступстваў);
  • ч. 1 ст. 356 (здрада дзяржаве).

Артыкул аб акце тэрарызму пагражае ім сьмяротным пакараньнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК скончыў расьсьледаваць падпал рэлейнай шафы на чыгунцы. «Рэйкавым партызанам» пагражае расстрэл
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыст пра магчымы вырак Аўтуховічу: «Расстраляць яго ня могуць, бо ягоныя дзеяньні не прывялі да гібелі людзей»