Дзяржсакратар ЗША пракамэнтаваў фота ахвяраў, якія пабачыў на сустрэчы з прэм'ерам Ізраілю

10 кастрычніка 2023, на пахаваньні чалавека, які загінуў падчас нападу ХАМАС на музычны фэстываль у Ізраілі 7 кастрычніка.

Офіс прэмʼер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу апублікаваў здымкі целаў трох немаўлят, два зь якіх былі моцна абгарэлыя, паведаміўшы, што гэта ахвяры нападу ХАМАС і што Нэтаньягу паказаў гэтыя фота на сёньняшняй сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам.

Адказваючы на пытаньні журналістаў, Блінкен, якога цытуе BBC, сказаў, што гэтыя фота «па-за межамі таго, што нехта хацеў бы сабе ўявіць. Дзеці, прабітыя кулямі, жыўцом спаленыя маладыя людзі... Гэта проста мярзота ў найгоршым магчымым выглядзе».

Раней прэс-сакратар Арміі Ізралію (ЦАХАЛ) Джонатан Конрыкус заявіў, што баевікі ХАМАС абезгалоўлівалі дзяцей падчас сьмяротнай хвалі нападаў у мінулыя выхадныя, піша BBC.

Конрыкус кажа, што судова-мэдычны экспэрт, які наведаў месцы пасьля разаніны ў кібуцы Бээры, бачыў целы дзяцей і пацьвердзіў, як яны загінулі.

«Я прызнаю, нам спатрэбіўся пэўны час, каб сапраўды зразумець і праверыць гэтую справаздачу, і было цяжка паверыць, што нават ХАМАС мог учыніць такі барбарскі акт», — кажа ён.

«Я думаю, што цяпер мы можам з адноснай упэўненасьцю сказаць, што гэта тое, што зрабіў ХАМАС... паўсюль былі раскіданыя зьнявечаныя целы».

Ізраільскія валянтэры раней паведамілі, што знайшлі на тэрыторыі кібуцу Бээры, які знаходзіцца недалёка ад сэктару Газа, больш за 100 целаў жыхароў, загінулых пасьля нападу групоўкі ХАМАС 7 кастрычніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраільскія вайскоўцы пацьвердзілі, што падчас нападу на кібуц Бээры баевікі ХАМАС адсякалі галовы немаўлятам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На музычным фэстывалі ў Ізраілі загінулі ня менш за 260 чалавек. Як гэта было
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыя палестынска-ізральскага канфлікту. Тлумачым у 10 пунктах