Прадусар NaviBand пра выступ для КДБ: «Самі будзем вырашаць, дзе выступаць»

Гурт Naviband на «Эўравізіі»

Беларускі гурт Naviband выступіў на канцэрце, прысьвечаным 100-гадоваму юбілею беларускага КДБ (насамрэч, не КДБ і не беларускага). У інтэрнэце пачалася спрэчка пра тое, ці варта было ісьці на такі выступ — і прадусар гурту напісаў на Facebook разгорнуты адказ. Пазьней пост быў выдалены.

Выступ не анансаваўся і гурт пра яго спачатку не расказваў, але фота з канцэрту разышліся па сацсетках (арыгінальныя пасты цяпер выдаленыя) — урэшце выступ быў паказаны на АНТ.

Перад КДБ гурт выступіў зь песьняй «Гэта зямля», зь якой не прайшоў нацыянальны адбор на «Эўравізію» 2016 году

«Гурт NaviBand — незалежны і апалітычны музычны калектыў, — напісаў прадусар Naviband Аляксандар Табольскі, прызнаючы, што гурт выступаў для КДБ. — Мы не палітычная арганізацыя. Для нас няма палітычна „правільных“ і „няправільных“ людзей, „левых“ ці „правых“. Для нас ёсьць 7 мільярдаў чалавек патэнцыйнай аўдыторыі, сваім абавязкам для якой мы лічым данесьці сваю музыку і мэсэдж пра тое, што на мапе сьвету ёсьць цудоўная краіна Беларусь, у ёй жывуць выдатныя добрыя людзі, у яе ёсьць даўнія традыцыі і неверагодна мілагучная i прыгожа мова».

Для нас няма палітычна „правільных“ і „няправільных“ людзей, „левых“ ці „правых“

Табольскі сьцьвярджае, што факт выступу ня ўтойвалі і што «вельмі радыя, што і ў дзяржаўных установах робяць выбар на карысьць актуальнай беларускай музыкі».

Naviband, піша ён, «незалежны калектыў, які сам будзе прымаць рашэньні, дзе выступаць, а дзе не» — і мінулы выступ «ня першы і не апошні» на дзяржаўных мерапрыемствах. Ён таксама адзначае, што гурт удзельнічае ў шоў незалежнага каналу «Белсат», выступаў тройчы на недзяржаўным «Басовішчы» і ніколі не адмаўляў незалежным СМІ ў інтэрвію, хоць «многія зьлічылі бы ўсё гэта рызыкоўным».

Naviband выступаў на «Эўравізіі» ад Беларусі ў 2017 годзе зь песьняй «Гісторыя майго жыцьця» — упершыню на конкурсе прагучала беларуская мова. Два тыдні таму гурт выдаў свой чацьвёрты студыйны (і другі беларускамоўны) альбом «Адной дарогай».