Польскі Сэнат ухваліў законапраект, які пасварыў Польшчу з Ізраілем і Ўкраінай

Брама нацысцкага лягера сьмерці Аўшвіц на тэрыторыі Польшчы, ілюстрацыйнае фота

Верхняя палата польскага парлямэнту ўхваліла закон аб крымінальнай адказнасьці за выказваньні пра нацысцкія лягеры сьмерці як пра «польскія» і за адмаўленьне злачынстваў «бандэрызму».

У ноч на чацьвер, 1 лютага, у польскім Сэнаце адбылося галасаваньне за зьмены ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, якімі ўводзіцца крымінальная адказнасьць за адмаўленьне злачынстваў «украінскіх нацыяналістаў», а таксама за прыпісваньне польскаму народу нацысцкіх злачынстваў.

57 з 82 прысутных у Сэнаце дэпутатаў прагаласавалі за ўнясеньне зьменаў у адпаведны закон. 23 дэпутаты-апазыцыянэры выказаліся супраць, адзін устрымаўся. Каб закон уступіў у сілу, яго яшчэ павінен падпісаць прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

26 студзеня Сэйм Польшчы, ніжняя палата парлямэнту, унёс зьмены ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, які забараняе прапаганду таталітарных ідэалёгій і вызначае злачынным удзел «бандэраўскіх нацыяналістаў» у зьнішчэньні габрэйскага насельніцтва і генацыдзе грамадзян міжваеннай Польшчы на тэрыторыі Валыні і Галіччыны. Паводле зьменаў, парушальнікаў абноўленага закону будуць караць грашовымі штрафамі або зьняволеньнем да трох гадоў.

Міністэрства замежных справаў Украіны ў сваёй заяве называла рашэньне польскага Сэйму «чарговай спробай навязаць аднабаковую трактоўку гістарычных падзей».

Акрамя таго, згаданым законапраектам прадугледжаны крымінальны перасьлед тых, хто прыпісвае палякам злачынствы нацыстаў, у прыватнасьці ўжывае словазлучэньне «польскія лягеры сьмерці». Гэтая частка зьменаў у закон абурыла Ізраіль. Прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу назваў закон «неабгрунтаваным», а Сусьветны цэнтар памяці ахвяр Галакосту заявіў, што польскія заканадаўчыя зьмены могуць «прывесьці да размываньня гістарычнай праўды аб дапамозе, якую немцы атрымалі ад польскага насельніцтва падчас Галакосту».

У Ізраілі ў адказ ухвалілі свой законапраект, які падтрымала большасьць дэпутатаў ізраільскага парлямэнту і які фактычна зробіць незаконнай формай адмаўленьня Галакосту польскі законапраект.

Мэта гэтых паправак — не дазволіць зьмяншаць адказнасьць тых, хто дапамагаў нацыстам. Акрамя таго, зьменены закон гарантуе юрыдычную дапамогу тым, хто перажыў Галакост і тым, хто займаецца адукацыяй пра лягеры сьмерці, калі супраць іх за мяжой пададуць судовыя пазовы за ўспаміны з часоў Галакосту.

Паводле закону, прынятага ў Ізраілі ў 1986 годзе, кожны, хто адмаўляе Галакост ці падтрымлівае злачынствы супраць габрэйскага народу, можа атрымаць да пяці гадоў турэмнага зьняволеньня.

Ці пасадзяць вязьня Аўшвіца ў турму за выраз «польскі лягер сьмерці»