Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бураўкін: Памяць нельга дзяліць <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Дзяды 1988-га ўвайшлі ў гісторыю
Дзяды 1988-га ўвайшлі ў гісторыю

Пададзеная заяўка на правядзеньне жалобнага шэсьця на Дзяды

Сёньня старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і ягоны намесьнік Віктар Івашкевіч падалі заяўку аб правядзеньні 2-га лістапада традыцыйнага жалобнага шэсьця на Дзяды.

20 гадоў таму пры канцы кастрычніка адбыліся першыя агульнанацыянальныя Дзяды, якія назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю. Тысячы людзей сабраліся тады каля Ўсходніх могілак, каб ушанаваць памяць продкаў. Сёньня старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і ягоны намесьнік Віктар Івашкевіч падалі заяўку ў Менгарвыканкам аб правядзеньні традыцыйнага жалобнага шэсьця на Дзяды.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі падкрэсьліў, што гэтыя Дзяды не павінны нікога разьядноўваць, а наадварот, павінны аб’яднаць людзей. Ён распавёў пра перамовы са старшынём Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Зянонам Пазьняком:

Лявон Баршчэўскі

“Напачатку мы пагадзіліся, што трэба было б паўтарыць маршрут 20-гадовай даўніны. Пасьля калегі спадара Пазьняка сказалі, што лепш паўтараць маршрут апошніх гадоў. Мы не зьбіраемся псаваць ні адзін, ні другі маршрут. Але мы лічым, што імпрэзу трэба было б пачаць з Усходніх могілак, з ускладаньня кветак да магіл волатаў нашага духу, волатаў нашага Адраджэньня. А шэсьце можна правесьці і супольна, далучыцца да яго”.

Генадзь Бураўкін, Лявон Баршчэўскі, Уладзімер Арлоў

Такім чынам, 2 лістапада а 12-й гадзіне на Ўсходніх могілках грамадзкасьць ускладзе кветкі да магіл Васіля Быкава, Пімена Панчанкі, Міхася Ткачова, Генадзя Карпенкі, Уладзімера Мулявіна, Уладзімера Кармілкіна. Пасьля гэтага людзі пройдуць па праспэкце Незалежнасьці, вуліцы Каліноўскага і Лагойскім тракце да Курапатаў.

“Памяць нельга дзяліць, асабліва між аднадумцамі”, — падкрэсьліў Генадзь Бураўкін. Гэта была вельмі важная для Беларусі падзея, безь яе не было б таго адраджэнскага ўздыму пры канцы 80-х — на пачатку 90-х, перакананы паэт:

“Я лічу, што будзе вельмі правільна, разумна напомніць людзям (бо многія ўжо і ня ведаюць з моладзі, што гэта было, як гэта было) і выкарыстаць гэтыя дні, каб распавесьці пра тыя падзеі. Я хачу напомніць пра фільм, які зьняў тады Ўладзімер Арлоў. Фільм зь вельмі няпростым лёсам. Паколькі я быў тады старшынём Белтэлерадыёкампаніі, мы ўсё ж здолелі ня толькі зьняць такі фільм, але і прабіць паказ яго на тэлеэкраны”.

Аляксей Марачкін і Генадзь Бураўкін

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў узгадаў, як 20 гадоў таму вёў мітынг у Курапатах. Але тады ён ня меў яшчэ менскай прапіскі… Пісьменьнік успомніў добрым словам тагачаснага старшыню Вярхоўнага Савету БССР Георгія Таразевіча, які фактычна выратаваў яго ад высылкі ў Полацак, бо супрацоўнікі міліцыі кожны дзень складалі пратакол аб незаконным пражываньні без прапіскі ў Менску.

“І калі ў Доме літаратара сабраўся пісьменьніцкі сход, на які прыйшоў спадар Таразевіч угаворваць нас не пасылаць тэлеграму Гарбачову з патрабаваньнем расьсьледаваньня, я непасрэдна да яго зьвярнуўся і папрасіў абараніць мяне. Ён сказаў: “Товарищ Орлов, с завтрашнего утра, поверьте мне, к вам уже не будет товарищ Сальник приходить”. Сальнік — гэта лейтэнант міліцыі. Таразевіч выканаў слова”.

Сёньня прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, грамадзкасьці прынялі зварот да суайчыньнікаў. Нагадаўшы пра падзеі 1988 г. і пра спробы сёньняшняй улады “вынішчыць гістарычную памяць беларусаў”, яны заклікалі “ўсіх, каму неабыякавы лёс Беларусі, сабрацца 2 лістапада каля Ўсходніх могілак”, ускласьці там кветкі, “а потым прыйсьці да сьвятых Курапацкіх крыжоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG