Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NASA адправіць на Марс невялікі верталёт. ВІДЭА


Наступная экспэдыцыя на Марс стартуе праз два гады.

Нацыянальнае ўпраўленьне па аэранаўтыцы і дасьледаваньні касьмічнай прасторы ЗША (NASA) паведаміла, што ў 2020 годзе адправіць на Марс невялікі верталёт, які будзе базавацца на марсаходзе наступнага пакаленьня. У выпадку посьпеху, гэта будзе першы выпадак выкарыстаньня лятальнага апарата на іншай плянэце.

Апарат Mars Helicopter, які будзе кіравацца дыстанцыйна, спраектаваны для палётаў у разрэджанай атмасфэры «Чырвонай плянэты», ён важыць 1,8 кг і памерам зь невялікі мяч. Ён забясьпечаны сонечнымі батарэямі і сыстэмай падагрэву.

Двайны вінт Mars Helicopter здольны круціцца з хуткасьцю, якая ў 10 разоў перавышае хуткасьць зямных верталётаў. На выпрабаваньнях ён пасьпяхова падняўся на вышыню, якая перавышае 12 км — гэта азначае, што на Марсе Mars Helicopter зможа лётаць на вышыні больш за 30 км.

Адной з асноўных праблемаў для такога апарата зьяўляецца тое, што атмасфэра Марса моцна разрэджаная. «Рэкорд вышыні для верталёта на Зямлі складае 12,2 км. Шчыльнасьць атмасфэры Марса складае толькі 1% ад зямной, таму калі верталёт будзе нават проста знаходзіцца на паверхні плянэты, для яго гэта будзе эквівалентам зямных 30,5 км вышыні», — распавёў Мімі Аун, кіраўнік праекту.

Плянуецца, што апарат ажыцьцявіць прынамсі пяць палётаў працягласьцю да 90 сэкундаў. У рамках першага такога палёту апарат падымецца ўверх на тры мэтры і павінен будзе завіснуць на гэтай вышыні на працягу 30 сэкундаў. Для падзарадкі апарат будзе выкарыстоўваць сонечныя батарэі.

Верталёт мяркуецца выкарыстаць для дасягненьня тых кропак на паверхні Марса, да якіх ня зможа дабрацца марсаход.

Плянуецца, што NASA накіруе чарговую экспэдыцыю на Марс у ліпені 2020 году — «Чырвонай плянэты» карабель дасягне ў лютым 2021 году. Мэта экспэдыцыі — правесьці геалягічныя дасьледаваньні і ацаніць прыдатнасьць Марса для жыцьця.

У траўні 2018 году NASA запусьціла місію па вывучэньні глыбінных слаёў глебы і сэйсьмічнай актыўнасьці на Марсе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG