Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе сілавыя ведамствы выконваюць паліцэйскія функцыі, а Лукашэнка захоўвае над імі поўны кантроль», — даклад Дзярждэпартамэнту ЗША


Дзярждэпартамэнт ЗША
Дзярждэпартамэнт ЗША

Лукашэнка «ўмацаваў сваю ўладу над усімі інстытутамі і падарваў вяршэнства закону аўтарытарнымі мэтадамі, у тым ліку фальсыфікацыяй вынікаў выбараў і прыняцьцем адвольных указаў», сказана ў дакладзе Бюро дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дзярждэпартамэнту ЗША аб парушэньнях правоў чалавека.

Даклад Дзярждэпартамэнту ЗША аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі — адзін з самых аб’ёмных сярод усіх апублікаваных Дзярждэпартамэнтам дакумэнтаў падобнага кшталту. Ён уключае сем разьдзелаў, у кожным па некалькі пунктаў.

Амэрыканскі фэдэральны орган нагадаў, што выбарчыя кампаніі і працэдуры волевыяўленьня грамадзян з 1994 году прызнаюцца «несвабоднымі і несправядлівымі», у тым ліку прэзыдэнцкія выбары ў 2020 годзе і канстытуцыйны рэфэрэндум у 2022-м.

У Беларусі «агенты ўлады» зьдзяйсьняюць забойствы, а ўзбуджэньне крымінальных спраў залежыць ад Сьледчага камітэту, «які падпарадкоўваецца непасрэдна прэзыдэнту», падкрэсьліў Дзярждэпартамэнт.

Усе сілавыя ведамствы, адзначана ў дакладзе, выконваюць «паліцэйскія функцыі», а Лукашэнка «захоўвае над імі поўны кантроль». Сілавікі «агрэсіўна, наўмысна і сыстэматычна зьдзяйсьняюць шматлікія парушэньні», каб «здушыць палітычнае іншадумства і правы чалавека».

Дзярждэпартамэнт апэлюе да «дакладных паведамленьняў» пра «незаконныя або адвольныя забойствы, катаваньні або жорсткае, бесчалавечнае, зьняважлівае для годнасьці абыходжаньне з боку сілавікоў». У дакладзе гаворыцца пра небясьпечныя для жыцьця ўмовы ўтрыманьня ў турмах, адвольныя арышты і затрыманьні, «сурʼёзныя праблемы» зь незалежнасьцю судовай улады, саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне РФ супраць Украіны ды інш.

У дакумэнце падрабязна выкладзена пра закрыцьцё недзяржаўных арганізацый, ціск і перасьлед журналістаў, цэнзуру, спробы афіцыйных уладаў «караць членаў семʼяў за меркаваныя правапарушэньні з боку іх сваякоў».

«Улады прымянялі гвалт або пагрозы гвалтам у дачыненьні да асобаў у іншых краінах, у тым ліку каб прымусіць іх вярнуцца ў краіну — у мэтах палітычна матываванага пакараньня», — гаворыцца ў дакладзе.

Дзярждэпартамэнт перакананы, што прадстаўнікі ўладаў на ўсіх узроўнях «дзейнічалі беспакарана» паводле ўказаньня Лукашэнкі. Пры гэтым, «як правіла, не рабілася ніякіх крокаў для судовага перасьледу або пакараньня службовых асоб ва ўрадзе або сілавых структурах, якія парушылі правы чалавека».

17 сакавіка быў апублікаваны даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Фолькера Турка, у якім таксама адзначаліся шматлікія парушэньні міжнароднага заканадаўства з боку афіцыйнага Менску. Дакумэнт заснаваны на інтэрвію з 207 пацярпелымі ад дзеяньняў сілавікоў і сьведкамі, аналізе больш як 2,5 тысячаў доказаў, уключна з фатаздымкамі, відэа, мэдычнымі і судовымі пратаколамі. Ён ахоплівае пэрыяд з 1 траўня 2020 году па 31 сьнежня 2022 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG