Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік брытанскай контрвыведкі: спэцслужбы Расеі рыхтуюцца ўчыніць «хаос на вуліцах Брытаніі і Эўропы»


Кен Маккалум
Кен Маккалум

Кіраўнік брытанскай службы контрвыведкі МІ-5 Кен Маккалум заявіў, што расейскія спэцслужбы паставілі перад сабой мэту зладзіць «хаос на вуліцах Брытаніі і Эўропы» і адзначыў, што Вялікая Брытанія цяпер сутыкаецца з самай складанай і шматслаёвай пагрозай за ўсю гісторыю ў сувязі зь дзеяньнямі Расеі і Ірану, а таксама тэрарыстычных арганізацый.

Кіраўнік МІ-5 выступіў 8 кастрычніка ў Лёндане на паседжаньні цэнтру контртэрарыстычных апэрацый. Тэзы яго выступу публікуе выданьне ВВС.

Паводле Маккалума, пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну з Эўропы выслалі больш за 750 расейскіх дыпляматаў, многія зь якіх, сьцьвярджае кіраўнік МІ-5, былі шпіёнамі. Гэта, паводле яго, аслабіла магчымасьці расейскіх спэцслужбаў, якія цяпер вымушаныя зьвяртацца да прадстаўнікоў крымінальных колаў і грамадзян трэціх краін для зьдзяйсьненьня «падпалаў, сабатажу і шмат чаго іншага». У той жа час ён падкрэсьліў, што расейскія спэцслужбы не адмовіліся ад сваёй «місіі» па «стварэньні хаосу».

Як адзначае Руская служба ВВС, кіраўнік брытанскай контрвыведкі не ўдакладніў, якія менавіта акцыі ён мае на ўвазе, аднак у апошні час улады Вялікай Брытаніі і іншых эўрапейскіх дзяржаў паведамлялі пра некалькі меркаваных дыверсіяў, зьдзейсьненых на замову расейскіх уладаў, і раскрыцьцё некалькіх змоваў, накіраваных на арганізацыю дывэрсіяў.

У прыватнасьці, у Вялікай Брытаніі ў пачатку кастрычніка пачаўся суд над абвінавачанымі ў падпале будынка ў Лёндане, які належыць украінскім бізнэсоўцам. Паводле вэрсіі пракуратуры, яны дзейнічалі на замову расейскай ПВК «Вагнэр». Пра іншыя падобныя выпадкі паведамлялі ўлады Польшчы, Нямеччыны, Чэхіі, краінаў Балтыі.

Улады Расеі, як правіла, абвяргаюць абвінавачаньні ў арганізацыі дывэрсіяў у Вялікай Брытаніі і іншых краінах Эўропы, сьцьвярджаючы, што Лёндан спрабуе «разганяць антырасейскую гістэрыю».

Паводле Маккалума, брытанскім спэцслужбам і паліцыі з 2022 году таксама ўдалося раскрыць 20 змоваў, арганізаваных пры падтрымцы Ірану. Гаворка ішла ў тым ліку пра падрыхтоўку замахаў. Спэцслужбы Кітаю, паводле яго, займаюцца галоўным чынам прамысловым і навуковым шпіянажам.

Паводле кіраўніка МІ-5, толькі за апошні год колькасьць расьсьледаваньняў MI5 аб пагрозах дзяржаве вырасла на 48%.

З сакавіка 2017 году MI5 і брытанская паліцыя разам сарвалі 43 пляны тэрактаў на апошніх стадыях. Маккалум таксама ўдакладніў, што прыкладна 75% патэнцыйных тэрарыстаў, змовы якіх удалося раскрыць, былі ісламістамі і 25% — скрайне правымі.

«Першыя 20 гадоў маёй кар’еры тут былі запоўненыя тэрарыстычнымі пагрозамі. Цяпер да іх даваліся дзяржаўныя забойствы на замову і дывэрсіі на фоне буйной эўрапейскай сухапутнай вайны», — зазначыў кіраўнік брытанскай контрвыведкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG