Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца зваротны адлік да зімовай Алімпіяды-2010


Роўна год застаецца да пачатку ХХІ зімовых Алімпійскіх гульняў – урачыстая цырымонія адкрыцьця заплянаваная ў канадзкім Ванкувэры якраз на 12 лютага 2010 году.


Адрозна ад летніх Гульняў, дзе беларускія спартоўцы ўжо традыцыйна паказваюць ня горшыя вынікі, у зімовых дысцыплінах паказьнікі куды больш сьціплыя. Дастаткова адзначыць, што за час выступаў асобнай камандай у Беларусі так і не зьявілася ніводнага зімовага алімпійскага чэмпіёна. А з двух апошніх спаборніцтваў алімпійцы здолелі прывезьці толькі два мэдалі. Чаму для беларускіх атлетаў мэтай стала не перамога, а толькі ўдзел? Дык ці ёсьць спадзяваньні нарэшце паламаць заганную традыцыю?

Напярэдадні кожнай Алімпіяды Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) і Міністэрства спорту і турызму займаюцца мэдалёвым плянаваньнем, вызначаюць вартых кандыдатаў, пад якіх “выбіваецца” стратэгічнае фінансаваньне. Але на практыцы такія “авансы” рэдка дасягаюць мэты і большая частка сродкаў ідзе ў пясок.

У Ванкувэры беларусы будуць змагацца ў васьмі відах спорту. Хакей прадстаўляе камандныя спаборніцтвы, у астатніх выпадках спартоўцы мусяць збольшага спадзявацца на асабістыя кандыцыі.

Традыцыйна стаўкі робяцца на фрыстайл. Пры тым, што ў Беларусі няма нават трэніровачнай базы для лыжнікаў-экстрэмалаў, з трох апошніх зімовых Алімпіядаў менавіта яны прывозілі ўзнагароды: у 1998 годзе ў Нагана Дзьмітрый Дашчынскі стаў бронзавым прызэрам, у 2002-м у Солт-Лэйк-Сіці таксама трэцім быў Аляксей Грышын; на папярэдніх Гульнях у Турыне на другую прыступку ўзьняўся ўсё той жа Дашчынскі. У жаночым фрыстайле ў фаварытках значыцца Ала Цупер, аднак у адказны момант канцэнтрацыя яе пакідае і на Алімпіядах яна звычайна прызямляецца побач з п’едэсталам.

У ранейшыя гады яшчэ большыя за фрыстайл былі спадзяваньні на біятлён. Аднак заслугі страляючых лыжнікаў датаваныя выключна мінулым стагодзьдзем – у 1990-х срэбра заваявала Сьвятлана Парамыгіна, бронзу -- Аляксей Айдараў. Паўтарыць тыя дасягненьні складана. Мужчыны ўжо некалькі гадоў не паказваюць нічога ўцямнага, а ў жаночым біятлёне толькі-толькі пачала раскрывацца Дар’я Домрачава. Другое і два трэція месцы на этапах Кубку сьвету ў гэтым сэзоне – добрая падстава да аптымізму. Аднак авансам узводзіць Домрачаву ў лік фаварытаў не адважваюцца і спэцыялісты.

У гэтыя дні шмат гаварылася ня толькі пра спартовыя вынікі. Другую Алімпіяду запар рызыкавала застацца без алімпійскай акрэдытацыі самая масавая спартовая газэта Беларусі “Прессбол”. Чым тлумачыцца такое стаўленьне да выданьня з боку спартовых чыноўнікаў?
Функцыянэры НАК і не хаваюць, што справа ў залішне крытычным стаўленьні выданьня да падзеяў у беларускім спорце. Летась прычынай адмовы ад акрэдытацыі ў Пэкін сталі журналісцкія расьсьледаваньні экс-біятляністкі Сьвятланы Парамыгінай, у якіх яна дакапалася да фактаў разбазарваньня сродкаў, выдаткаваных на падрыхтоўку спартоўцаў. Сёлета стаўленьне да “Прессбола” не зьмянілася -- пры канцы студзеня камісія СМІ пры НАК абвясьціла: газэта не трапляе ў лік абраных.

Неўзабаве ў “Прессболе” быў надрукаваны зварот галоўнага рэдактара Ўладзімера Беражкова да сябраў выканкаму НАК, у якім ён выказаў сваё бачаньне сапраўдных прычынаў спэцыфічнага стаўленьня да выданьня. 10 лютага НАК знайшоў пайшоў на “палавінчаты кампраміс”: фотакарэспандэнт “Прессбола” у Ванкувэр паедзе, а Парамыгіна – не. Зрэшты, чулася і такое меркаваньне: недзяржаўнае выданьне ня можа езьдзіць на такія спаборніцтвы дзяржаўным коштам. Вось што з гэтай нагоды мяркуе Ўладзімер Беражкоў:

“Няма нашай віны ў тым, што “Прессбол” зьяўляецца прыватным выданьнем. І няма нашай віны ў тым, што некаторыя спрабуюць прадставіць, што мы нібыта прэтэндуем на якіясьці прэфэрэнцыі і фінансавую дапамогу з боку каго б там ні было -- НАК, МАК і г.д. Я перакананы, што для абароны інтарэсаў дзяржавы не абавязковы сядзець у дзяржавы на шыі. Я лічу, што “Прессбол” для дзяржавы як прыватнае выданьне робіць нашмат больш, чым тыя, хто, як тую ціцьку ў мамкі, прысмакталіся, і смокчуць гэтую дзяржаву з усіх бакоў. І заяўляюць у форме алімпійскай фанабэрыстасьці пра тое, што яны зьяўляюцца носьбітамі дзяржаўнай ідэі. Гэта далёка ня так”.

Але вернемся да алімпійскіх стартаў. Ці плянуюцца нейкія карэктывы ў справе адзначэньня прызэраў Алімпійскіх гульняў? Якая матэрыяльная зацікаўленасьць у спартоўцаў? Ва ўмовах фінансавага крызісу стымул за годнае выступленьне досыць адчувальны. Уладальніку залатога мэдалю абяцана прэмія ў 100 тысяч даляраў, за другое месца – палова ад гэтай сумы, бронза ацэньваецца ў 30 тысяч.

Аднак наўрад ці дзяржаве давядзецца асабліва раскашэльвацца. Апроч фрыстайлістаў і біятляністаў, шанцы іншых на прызавыя месцы расцэньваюцца як невысокія. Прыкладам, перад Турынам-2006 вялікія надзеі зьвязваліся з канькабежкай Анжалікай Кацюгай. Аднак яе злавілі на ўжываньні допінгу і дыскваліфікавалі на два гады. Пасьля вяртаньня Кацюга нічым так і не адзначылася. Па інэрцыі ў якасьці магчымых прэтэндэнтаў на мэдалі называюць лыжнікаў – вопытнага Сяргея Далідовіча і маладога Леаніда Карняенку. Аднак іхныя посьпехі на сусьветных першынствах збольшага разавыя, што не дае казаць пра нейкую стабільнасьць. Нагадаю, што з трох апошніх зімовых Алімпіядаў беларусы прывозілі толькі па адным мэдалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG