Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка хоча заткнуць раты»


Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў закрыць СМІ, якія «нагнятаюць» ажыятаж на спажывецкім і валютным рынках. Пры гэтым «найбольш агалцелымі» ён назваў расейскія мэдыі, дзе «найбольш гістэрыі». Лукашэнка загадаў зрабіць усё, каб «гэтыя СМІ не прысутнічалі на нашай тэрыторыі». Як ставяцца да гэтых заяваў у Беларусі?

Жана Літвіна
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна ў сувязі з апошнімі заявамі Лукашэнкі адзначыла, што ўлада цяпер апынулася ў разгубленасьці, і толькі страхам можна патлумачыць патрабаваньні аб закрыцьці мэдыяў:

«Гэта ўсё можа быць знакам таго, што на сёньняшні дзень уладзе ўсё цяжэй трымаць пад кантролем настроі людзей, усё цяжэй падпарадкоўваць грамадзкую думку. Такога кшталту пагрозы, патрабаваньні закрыцьця мас-мэдыя сьведчыць пра страх перад нейкім магчымым сацыяльным выбухам. Менавіта гэта прымушае ўладу цяпер, падчас складанай эканамічнай сытуацыі, ісьці на канфрантацыю з мас-мэдыя. Але нават пасьля закрыцьця газэтаў гэта ніяк не адаб’ецца на ўсёй эканамічнай складанасьці ў краіне. Гэта ніяк не адаб’ецца на працэсах дэвальвацыі рубля, на спыненьні росту цэнаў на самыя неабходныя прадукты, тавары і гэтак далей. То бок гэта ня тая мера, якая сёньня павінна прымацца ў краіне і якая можа прыводзіць да ўзаемаразуменьня зь людзьмі».

Вадзім Гусеў
У амбасадзе Расеі ў Менску пакуль не камэнтуюць закіды кіраўніка Беларусі на адрас расейскіх мэдыяў. Дарадца амбасады Расеі ў Беларусі Вадзім Гусеў сказаў:

«Трэба ўсё гэта пераварыць. Ён жа пакуль не зачыняе нічога, толькі робіць заяву. Я думаю, што ўсё адбудзецца, калі ён сказаў. Мы пакуль возьмем паўзу».

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў мяркуе, што такія заявы — водгалас палітычнага рашэньня, прынятага Лукашэнкам.

Уладзімер Някляеў
«Гэтай заявай Лукашэнка не наўпрост кажа пра тое, што ад прапаноў Расеі ў зьвязку „крэдыт-маёмасьць“ ён хоча адмовіцца, бо маёмасьць каштуе значна даражэй за тыя грошы, якія яму прапануюць у абмен на гэтую маёмасьць. А самае істотнае тое, што крэдыт яго ва ўладзе не зьберагае, а маёмасьць, ва ўсякім выпадку — на нейкі час, яго ва ўладзе зьберагае. І ўсё, што зараз будзе замінаць гэтаму яго кірунку, будзе абвяшчацца замежным, варожым».

Віктар Івашкевіч
Сябра арганізацыйнага камітэту ў справе стварэньня партыі «Беларускі рух» Віктар Івашкевіч мяркуе, што Лукашэнка ня ведае, што рабіць з эканамічным крызісам. Як рабіць рэпрэсіі супраць інфляцыі, ён ня ведае, таму хапаецца за рэпрэсіі супраць тых, хто кажа пра інфляцыю.

«Дэмагагічныя яго выступы і звароты да людзей ужо не працуюць, бо яму ніхто ня верыць. І яго выказваньні выклікаюць толькі раздражненьне. І вось ён хоча заткнуць раты. Ну, СМІ ён можа блякаваць, але тады людзі пачнуць у чэргах размаўляць. Тады што? Гэта ўсё абсурдна і сьведчыць пра тое, што ўлады ў разгубленасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG