Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дойдзе да Беларусі сланцавая рэвалюцыя?


Буравая ўстаноўка на месцы здабычы сланцавага газу ў польскім Грабоўцы.
Буравая ўстаноўка на месцы здабычы сланцавага газу ў польскім Грабоўцы.

Беларусь вызначылася з інвэстарам для пошуку на сваёй тэрыторыі пакладаў сланцавага газу. Але працы дагэтуль яшчэ не распачаліся. Ці змогуць у Беларусі замяніць уласным сланцавым газам імпартаваны расейскі?

Выступаючы са штогадовым пасланьнем да парлямэнту і народу ў 2010 годзе, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка загадаў пачаць пошук радовішчаў сланцавага газу. Маўляў, эўрапейцы заявілі, што дзякуючы сланцаваму газу яны бліжэйшым часам на траціну скароцяць пастаўкі газу з Расеі. Лукашэнка папракнуў урад і Нацыянальную акадэмію навук, што тыя «сьпяць у шапку», і загадаў сканцэнтраваць на гэтым напрамку грашовыя сродкі. Маўляў, «гэта ж невялікія грошы».

Аднак пошук на тэрыторыі Беларусі пакладаў сланцавага газу пакуль не распачаўся, хоць для гэтага прэзыдэнцкім указам вызначаныя пэўныя ўчасткі. Пра гэта паведаміў карэспандэнту «Свабоды» дырэктар дэпартамэнту геалёгіі Міністэрства прыродных рэсурсаў Уладзімер Варакса. Ён сказаў, што інвэстара знайшлі, але каго канкрэтна — гэта інфармацыя канфідэнцыйная.
Фактычна радовішча ў нас няма

«Дамова падпісаная, але працы яшчэ не пачатыя, бо няпроста іх пачаць. Патрэбна фінансаваньне. Арыенціровачна рэалізацыя дамовы толькі па пошуку будзе ажыцьцяўляцца цягам 10 гадоў. Фактычна радовішча ў нас няма. Беларускія геолягі ў гэтым кірунку ніколі не працавалі. Толькі пэрспэктывы па агульнапрынятых тэндэнцыях выяўленыя, што можа быць. А ёсьць ён ці не — якраз інвэстар узяў на сябе рызыкі. Знойдзе — значыць, будзем ісьці далей, дамаўляцца. Ня знойдзе — значыць, проста рызыкнуў грашыма і страціў».

У сьвеце ўжо загаварылі пра «сланцавую рэвалюцыю», якая дазволіць краінам у значнай ступені адмовіцца ад імпарту газу або ўдарыць па цэнах расейскага «Газпрому». Цяпер працы па ацэнцы патэнцыялу і магчымасьці здабычы сланцавага газу вядуцца ў шэрагу краінаў, у тым ліку ў суседніх зь Беларусьсю Польшчы і Ўкраіне.

Дырэктар Інстытуту прыродакарыстаньня беларускай Акадэміі навук Аляксандар Карабанаў мяркуе, што для таго, каб атрымаць першыя вынікі адносна пакладаў сланцавага газу ў Беларусі, спатрэбіцца ня менш за два гады. Пакуль яшчэ ўсё толькі на самым пачатку, абраныя ўчасткі.

«У прынцыпе, пэрспэктыўныя ўчасткі ёсьць, знайсьці можна. Пытаньне ў многім яшчэ эканамічнае і экалягічнае. Бо гэта не такі танны працэс, нават выведка патрабуе грошай. І потым трэба ацаніць магчымыя экалягічныя наступствы. Пэрспэктыва замены прыроднага газу сланцавым яшчэ вельмі аддаленая. Пакуль пра гэта гаварыць рана».

Паводле мэдыяў, дзякуючы амаль тром трыльёнам кубамэтраў сланцавага газу Польшча можа стаць незалежнай ад паставак газу з Расеі і нават ператварыцца ў краіну-экспарцёра. Вядомы беларускі вучоны ў галіне геалёгіі Раман Айзбэрг лічыць, што гэтае пытаньне ў мэдыях разьдзьмутае і нават у Польшчы яшчэ не пачалася распрацоўка. Ён распавёў, што ў Беларусі пакуль вывучаюць гэтае пытаньне:
Пры распрацоўцы сланцавага газу запампоўваюць у нетры вельмі агрэсіўныя хімічныя рэчывы

«Навуковая праца пачатая. Але гэта вельмі дарагая справа. Потым, тэхналёгіямі валодаюць практычна толькі амэрыканцы, канадцы і тыя транснацыянальныя кампаніі, якія маюць доступ да гэтай тэхналёгіі. Па-трэцяе, там вельмі няпростая экалягічная сытуацыя, бо пры распрацоўцы сланцавага газу запампоўваюць у нетры вельмі агрэсіўныя хімічныя рэчывы».

Калі нават радовішчы ў Беларусі знойдуць, гэта не азначае, што Беларусь адмовіцца ад расейскага газу. Тут давядзецца ўсё ўзважыць, бо Беларусь атрымлівае газ з Расеі даволі танна ў параўнаньні зь іншымі краінамі. Раман Айзбэрг адзначае:

«Я думаю, можна вызначыць наяўнасьць рэсурсаў і тады разглядаць як запасны варыянт».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG