Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік расейскай дыяспары ў Беларусі: «Мы не інструмэнт у руках Расеі»


Андрэй Герашчанка. Фота Народныя навіны Віцебску
Андрэй Герашчанка. Фота Народныя навіны Віцебску

Андрэй Герашчанка, колішні чыноўнік зь Віцебску, абраны кіраўніком Каардынацыйнай рады расейскіх суайчыньнікаў у Беларусі.

Герашчанка кіруе арганізацыяй «Рускі дом».

У інтэрвію Радыё Свабода Герашчанка заявіў, што ён прыхільнік «этнічнага адзінства расейцаў, украінцаў і беларусаў».

«Калі мы кажам пра стасункі Беларусі і Расеі, гэта ня тое самае, што стасункі Беларусі і Літвы ці Беларусі і Польшчы. Хоць гэтыя краіны нам таксама блізкія. З Расеяй мы практычна адзін народ, і нам наканавана выбудоўваць шчыльныя адносіны», — кажа Герашчанка.

Пры гэтым ён прызнае: «У нас шмат прыхільнікаў, каб гэты курс памяняць і пайсьці ў Эўропу. Але на прыкладзе Ўкраіны мы бачым, што такія рэчы не заўсёды добра сканчаюцца».

Гаворачы пра кіеўскі Эўрамайдан і канфлікт вакол Крыму, кіраўнік Каардынацыйнай рады расейскіх суайчыньнікаў у Беларусі заяўляе: «Вітаем крокі Расеі па нармалізацыі сытуацыі ва Ўкраіне, у справе абароны суайчыньнікаў пазыцыя Расеі нам вельмі блізкая».

На ўдакладняльнае пытаньне, які адсотак насельніцтва Беларусі маецца на ўвазе пад словамі «шмат прыхільнікаў», які хочуць у Эўразьвяз, Герашчанка кажа, што каля 20% беларусаў бачаць сваю будучыню ў складзе ЭЗ, а 80% «глядзяць у бок Расеі».

«Я ня думаю, што мы нейкі інструмэнт у руках Расеі ці пятая калёна. Расея ня ўмешваецца ў справы іншых дзяржаваў. Мы проста выказваем свой пункт гледжаньня, які адрозьніваецца ад поглядаў апазыцыі і ў нейкай ступені адрозьніваецца ад пазыцыі ўладаў Беларусі», — запэўнівае Андрэй Герашчанка.

Ён пералічвае пункты, якія выклікаюць заклапочанасьць у расейскай дыяспары: «Мы прыхільнікі дзьвюхмоўя, прыхільнікі агульнарасейскага гістарычнага падыходу, але ня польска-літоўскага, які пачынае пераважаць, мы з заклапочанасьцю назіраем за зьнікненьнем расейскай мовы з назваў населеных пунктаў і вуліцаў, з назваў станцыяў мэтро, на спробы ўвесьці лацінку».

У артыкуле «Пушкіным ад „Правага сэктару“ не адаб’есься» на gazeta.ru дарадца рэктара расейскай Акадэміі працы і сацыяльных стасункаў Сяргей Пінчук прыходзіць да высновы, што Расея страціла Ўкраіну, бо ў свой час не стварыла сетку прарасейскіх арганізацыяў.

Беларускі палітоляг Уладзімер Падгол кажа, што Расея імкнецца не паўтарыць гэтую самую памылку зь Беларусьсю:

Уладзімер Падгол
Уладзімер Падгол
«Напярэдадні апэрацыі ў Крыме ў Расеі былі ўяўленьні «Крым наш на 100%». А як пачалі адколваць кавалак, аказалася, што ня ўсё так проста: і татары супраць, і расейскамоўныя ўкраінцы супраць. Беларусь, як і Крым, яны лічаць татальна прарасейскай. Але аказваецца, што «прарасейскія» беларусы «хочуць жыць у Эўразьвязе. Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічных апытаньняў».

Падгол лічыць, што Расея актывізуе працу з дыяспарай, бо «ў расейскіх імпэрскіх колах Аляксандар Лукашэнка лічыцца нацыяналістам».

Гаворачы пра дзейнасьць расейскіх зямляцтваў на тэрыторыі Беларусі, палітоляг заўважае:

«Гэтыя тусоўкі абсалютна не адлюстраваныя ў афіцыйных СМІ. Высновы — Лукашэнку гэтыя арганізацыі не патрэбныя. У пэўнай ступені яны для яго апазыцыйныя і варожыя».

Даведка Радыё Свабода — Андрэй Герашчанка


Працаваў начальнікам аддзелу ў справах моладзі адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску.

Звольнены ў 2011-м годзе ў сувязі са сканчэньнем кантракту.

Герашчанка даў інтэрвію расейскаму парталу «Материк», дзе разважаў пра штучнасьць беларускай мовы, культуры і адмаўляў існаваньне беларускай нацыі, а Беларусь назваў «ещё одним русским государством».

Такія выказваньні дзяржаўнага чыноўніка выклікалі рэзкую рэакцыю кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзіміра Макея:

«На жаль, часам трапляюцца людзі, якія, знаходзячыся на дзяржаўнай службе, публічна пачынаюць займаць, мякка кажучы, дзіўную пазыцыю, якая ідзе ўразрэз з палітыкай і інтарэсамі Беларусі (...) Публічныя выступленьні дзяржаўнага чыноўніка ня могуць быць выключна ягонай прыватнай справай (...) Хацелася б катэгарычна папярэдзіць адносна падобных выпадкаў. Чалавек павінен вызначыцца: калі ён ня згодны з палітыкай, якая праводзіцца ў краіне, значыць, яму ня месца на дзяржслужбе».


Сьпіс арганізацыяў расейскай дыяспары ў Беларусі

  • Беларускае грамадзкае аб’яднаньне «Русь»
  • Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Рускае таварыства»
  • Расейскі культурніцкі цэнтар «Русь»
  • Татара-башкірская культурная арганізацыя «Чышма»
  • Менскае таварыства чуваскай культуры «Шупашкар»
  • Грамадзкае аб’яднаньне чувашоў «Атал»
  • Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне дагестанцаў
  • Міжнародная асацыяцыя моладзевых арганізацыяў расейскіх суайчыньнікаў у Беларусі
  • Грамадзкае аб’яднаньне «Рускае культурна-асьветніцкае таварыства»
  • Магілёўскае абласное аб’яднаньне «Рускі дом»
  • Віцебскае грамадзкае аб’яднаньне «Рускі дом»
  • Культурна-асьветніцкая грамадзкая арганізацыя «Садко» (Мінск)
  • Грамадзкае аб’яднаньне чувашоў «Шупашкар»
  • Грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі саюз блякаднікаў Ленінграду»
  • Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Русь адзіная»

Крыніца: афіцыйны сайт амбасады Расеі ў Беларусі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG