Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі прарваўся ва Ўкраіну. Відэа


На памежным пераходзе «Шэгіні»
На памежным пераходзе «Шэгіні»

Міхэіл Саакашвілі, былы прэзыдэнт Грузіі і кіраўнік Адэскай вобласьці, пазбаўлены ўкраінскага грамадзянства, здолеў трапіць ва Ўкраіну. Прыхільнікі Саакашвілі прарвалі мяжу і літаральна ўнесьлі Саакашвілі на ўкраінскую тэрыторыю праз памежны пераход Шэгіні.

Шэраг украінскіх мэдыяў вядуць наўпроставую трансьляцыю з памежнага пераходу.

Раней польскія памежнікі на пункце пропуску «Шэгіні» прапусьцілі Саакашвілі на тэрыторыю Ўкраіны. Але пункт пропуску з украінскага боку не працаваў, там знаходзіліся вайскоўцы, паведамлялася пра яго замінаваньне.

Цягнік, у якім Саакашвілі спрабаваў перасячы мяжу Польшчы і Ўкраіны, пасьля спыненьня паехаў безь яго. Украінскі тэлеканал «Громадське» тады паведаміў, што Саакашвілі пакінуў цягнік пасьля таго, як той быў спынены на польскай тэрыторыі на патрабаваньне ўкраінскіх уладаў.

Паводле тэлеканалу, украінскі апазыцыйны палітык Юлія Цімашэнка, якая з шэрагам іншых палітыкаў ехала разам з Саакашвілі, тады паведаміла, што ўсе яны ідуць на іншы цягнік.

Міхэіл Саакашвілі з сынам у цягніку.
Міхэіл Саакашвілі з сынам у цягніку.

«Украінская чыгунка» загадала спыніць рух цягніка «Intercity», у якім Міхэіл Саакашвілі меркаваў трапіць на тэрыторыю Ўкраіны. Загад дзейнічае, пакуль Саакашвілі не пакіне цягнік.

Раней Саакашвілі паведаміў Радыё Свабода, што паедзе ва Ўкраіну цягніком «Intercity».

Зь Пярэмышля ва Ўкраіну — у Кіеў і іншыя гарады — ідуць два такія цягнікі клясы «Intercity +»: адзін адпраўляецца ў 13:07 мясцовага часу (14:07 кіеўскага і менскага часу), іншы ў 15:42 (16:42 кіеўскага і менскага часу).

Гэтыя цягнікі ідуць не праз аўтамабільны пункт пропуску «Кракавец», дзе цяпер Саакашвілі чакаюць яго прыхільнікі і праціўнікі. Памежны і мытны кантроль у іх польскі і ўкраінскі бакі ажыцьцяўляюць асобна, кожны са свайго боку мяжы, падчас ходу цягніка паміж станцыямі. З украінскага боку — паміж станцыямі Мастыска і Львоў.

Такім чынам, Саакашвілі на час пачатку ўкраінскага кантролю, калі памежнікі папярэджвалі аб яго дэпартацыі, ужо фактычна знаходзіцца на тэрыторыі Украіны.

У Львоў цягнікі прыбываюць паводле раскладу ў 16:02 і ў 18:37 кіеўскага і менскага часу.

Раней перад памежным пераходам была затрыманая напаўаголеная дзяўчына. Мяркуюць, што гэта адна з актывістак руху Femen. Прадстаўнік міністэрства ўнутраных справаў Арцём Шаўчэнка пацьвердзіў у Twitter, што работнікі паліцыі «ізалявалі аголеную размаляваныю» жанчыну на дарозе перад пунктам пропуску «Кракавец», дзе чакаюць прыезду Міхэіла Саакашвілі.

Раней удзень у польскім горадзе Жэшаве Саакашвілі адказаў на пытаньні журналістаў. Ён паведаміў, што зьбіраецца паспрабаваць перайсьці мяжу разам з жонкай і сынам. У Жэшаў прыбылі таксама ўкраінскія палітыкі Юлія Цімашэнка, дэпутаты Дабрадомаў, Чумак, былы кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Валянцін Налівайчанка. Пра гэта паведамляе Hromadske.ua.

Адразу некалькі ўкраінскіх сілавых структураў паведамлялі, што забароны на ўезд ва Украіну Міхэіла Саакашвілі няма. Але пакуль незразумела, як ён мерыцца ўехаць у краіну.

Дзеяньне яго пашпарту грамадзяніна Украіны пасля спыненьня грамадзянства адменена, і ў памежнай службе ўжо папярэджвалі, што прадʼяўніка такога дакумэнта дэпартуюць з Украіны. Паведамляецца, што Саакашвілі пасьля страты грамадзянства Украіны застаўся асобай без грамадзянства. У такім выпадку для ўезду ва Украіну яму, апроч дзейнага дакумэнта, які пацьвярджае асобу, патрэбная таксама украінская віза.

Прыхільнікі Саакашвілі заяўлялі, што будуць «сустракаць» свайго лідэра на мяжы. Сярод іх могуць быць і народныя дэпутаты, якія маюць статус недатыкальнасьці.

Праціўнікі Саакашвілі заяўляюць, што ягоныя заявы і дзеяньні правакацыйныя. Памежнікі нагадалі, што каля дзяржаўнай мяжы рэжымная зона, і заклікалі ўсе бакі да стрыманасьці.

26 ліпеня прэзыдэнт Пятро Парашэнка сваім указам пазбавіў Міхэіла Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства.

Паведамлялася, што міністэрства юстыцыі Грузіі спадзяецца на выдачу Саакашвілі пасьля яго вяртаньня ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG