Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо заўтра: у Менску пакажуць спэктакль пра нацыянальную вайну


Найлепшы здымак Czech Press Photo 2015 году. Ян Заторскі (Jan Zátorský). З сэрыі «Уцекачы на вугорскай мяжы»
Найлепшы здымак Czech Press Photo 2015 году. Ян Заторскі (Jan Zátorský). З сэрыі «Уцекачы на вугорскай мяжы»

Куды варта пайсьці і за чым сачыць заўтра, 20 лістапада.

Курсы і лекцыі

Курсы «Мова нанова»

Тэма заняткаў: «Замкі ВКЛ». Госьць заняткаў — Алесь Варыкіш, стваральнік першага ў Беларусі парку мініяцюр замкаў Вялікага Княства Літоўскага.

Музычны госьць — гурт «Ў нескладовае».

Месца правядзеньня: Менск, ГЦ «Цівалі», вул.Прытыцкага, 29 (мэтро «Спартовая»), аўдыторыя № 366 (трэці паверх, лявей наперад калідорам ад эскалятару). Пачатак а 18:30. Уваход вольны

Тэатар

Рэлігійны монаспэктакль «Маленькі анёлак»

У спэктаклі для дзяцей паводле вершаў францускай пісьменьніцы Кармэн Барнос дэ Гаштольд анёлак перадае просьбы розных жывых істотаў да Бога.

Месца правядзеньня: Менск, Тэатральная заля культурнага цэнтру Чырвонага касьцёла, вул.Савецкая, 15 (мэтро «Плошча Незалежнасьці»). Пачатак а 15:00. Квіток каштуе 3.50 руб.

Прэмʼера спэктаклю «Матухна Кураж i яе дзецi»

Пʼеса пра вайну, якая вядзе да нацыянальнай катастрофы, была напісана Бэртальтам Брэхтам напярэдадні Другой усясьветнай вайны, але дагэтуль ня страчвае актуальнасьці.

Адной з галоўных дзеючых асоб стане жывая аўтарская музыка ў выкананьні гуртоў «ili-ili» і «NAKA».

Месца правядзеньня: КЗ «Менск», вул. Кастрычніцкая, 5 (мэтро «Першамайская»). Пачатак а 19:00. Кошт квіткоў вагаецца ад 12.50 да 32.50 рублёў.

Спэктакль «А ці будзе заўтра…»

Спэктакль ідзе па-расейску ў межах Тыдня сучаснай беларускай драматургіі. Пастаноўка пазыцыянуецца як «7 дзён без антракту» і распавядае пра юнака, які вырашыў зьдзейсьніць самагубства.

Месца правядзеньня: Менск, Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі, вул. Крапоткіна, 44. Пачатак а 19:00. Квіткі каштуюць ад 8 да 10 рублёў.

Монаспэктакль «Не праклінай, што я люблю»

Паэтычны спэктакль паводле вершаванага рамана Ніла Гілевіча «Родныя дзеці», які суправаджаецца музыкай цымбалаў. Ролю выконвае Мікалай Лявончык.

Месца правядзеньня: Менск, Тэатральная заля культурнага цэнтру Чырвонага касьцёла, вул.Савецкая, 15 (мэтро «Плошча Незалежнасьці»). Пачатак а 19:00.

Выставы

Czech Press Photo

На выставе прадстаўлены здымкі, якія ўдзельнічалі ў конкурсе Czech Press Photo на працягу 21 году. Выбарка зь 50 фота розных фатографаў-журналістаў дэманструе асяродзьдзе і разьвіцьцё журналісцкай фатаграфіі, якая стварае вобраз Чэхіі.

Месца правядзеньня: Менск, Нацыянальны цэнтар сучасных мастацтваў, вул. Някрасава, 3.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG